Будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай скарацілася амаль утрая



У Менску ў студзені—лістападзе 2017 арганізацыямі ўсіх форм уласнасці пабудавана 8.323 новыя кватэры (у студзені—лістападзе 2016 года — 8.980). Уведзена ў эксплуатацыю 576,8 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, паведаміла галоўнае статыстычнае ўпраўленне сталіцы.

Аб’ём жыллёвага будаўніцтва ў параўнанні з леташнім аналагічным перыядам знізіўся на 11,6%.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, у студзені—лістападзе 2017 года ўведзена ў эксплуатацыю 72,9 тыс. кв. м, або 12,6% ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля.

З агульнага аб’ёму ўведзенага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, пабудавана: з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі 31,5 тыс. кв. м (36,7% леташняга паказчыка, або ў 2,7 разу менш); у шматкватэрных жылых дамах — 70,1 тыс. кв. м.

Як паведамлялася, сёлета ў Мінску плануюць пабудаваць 644 тыс. кв. м жылля, у тым ліку 160 тыс. — для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. 67 тыс. кв. м будзе пабудавана з дзяржпадтрымкай, 7 тыс. — арэнднага жылля, 45 тыс. — для шматдзетных сем’яў.

Масавае жыллёвае будаўніцтва ў 2017 годзе вядзецца ў асноўным у раёне вёскі Сухарава, у мікрараёнах Лошыца, Зялёны Бор, на тэрыторыі былых вайсковых часцей (у Масюкоўшчыне, на вуліцы Кабушкіна).

На 1 студзеня 2017 года ў чарзе тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, было 208,5 тыс. сем’яў.

У мінулым годзе ў сталіцы ўведзена ў строй 777,2 тыс. кв. м жылля, што на 24,9% менш, чым у 2015 годзе.

У 2018 годзе ў Менску будзе пабудавана шэсць дамоў (1.057 кватэр, 65,8 тыс. кв. м) з дзяржпадтрымкай у форме субсідый грамадзянам.

belapan.com