Буйны пакупнік беларускага калію на сустрэчы з Лукашэнкам



Фота: REUTERS/Vasily Fedosenko

Аляксандр Лукашэнка 10 жніўня правёў сустрэчу з паслом Бразіліі Бернардам Жоргам Леапольдам Дэ Гарсія Клінглам. Сярод іншага, Лукашэнка перадаў праз пасла запрашэнне для прэзідэнта Бразіліі наведаць Беларусь.

Бразілія з’яўляецца адным з самых буйных пакупнікоў беларускіх угнаенняў, у тым ліку калійных, прыгадвае reform.by. У асобныя гады яна займала першае месца сярод экспартных напрамкаў айчынных вытворцаў угнаенняў. Іншымі буйнымі рынкамі з’яўляюцца Індыя і Кітай.

Як піша БелТА, сёння Бразілія ўваходзіць у топ-10 партнёраў Беларусі. У мінулым годзе тавараабарот склаў больш за 358 мільёнаў даляраў са станоўчым для Беларусі сальда амаль 150 мільёнаў даляраў. Сёлета толькі за першае паўгоддзе аб’ём двухбаковага гандлю склаў 393,4 мільёны даляраў. Пры гэтым, зазначае дзяржаўнае выданне, асноўнай пазіцыяй беларускага экспарту традыцыйна выступаюць калійныя ўгнаенні.

У Менску з’явіцца адзіны праязны дакумент

Бліжэйшым часам у Менску будзе ўведзены адзіны праязны дакумент амаль на ўсе віды гарадскога транспарту, за выключэннем аўтамабільнага катэгорыі М2 у экспрэсных рэгулярных зносінах і чыгуначнага транспарту. Лінейка існуючых праязных дакументаў будзе аптымізавана, паведамляе агенцтва “Мінск-Навіны” са спасылкай на Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал. Рашэнне, прынятае сталічнымі ўладамі, набудзе моц 15 жніўня.

Праезд на 30 сутак на наземным транспарце абыдзецца ў 38 рублёў 25 капеек, а на метро – 40,5 рублёў. Адзіны ж праязны на месяц на аўтобусы, тралейбусы, трамваі і метро абыдзецца ў 51 рубель 5 капеек.

Белгазпрамбанк” прапануе дэпазіт у юанях

“Белгазпрамбанк” прапанаваў фізічным асобам дэпазіт у юанях. Яго можна адкрыць з 10 жніўня. Пазней стане магчымым яго адкрыць праз сістэмы дыстанцыйнага абслугоўвання.

Уклад адкрываецца на тэрмін сем месяцаў. Ён з’яўляцца безадзыўным. Стаўка 2,5 працэнта гадавых. Мінімальная сума ўкладу – 200 юаняў. Таксама можна папоўніць уклад на працягу месяца з моманту яго адкрыцця.

Раней уклады ў юанях пачаў прымаць шэраг іншых беларускіх банкаў, у тым ліку “Беларусбанк”.

Што адбываецца з сусветнымі цэнамі на харчаванне?

Сусветныя цэны на харчаванне ўпалі да ўзроўню 2021 года, але зрыў збожжавай угоды можа ўсё сапсаваць, піша сайт “Белсат”. Пандэмія каронавірусу і вайна ва Украіне моцна ўдарылі па цэнах на харчы. І калі з пандэміяй больш-менш разабраліся, то расейская агрэсія супраць Украіны стварае новыя праблемы, якія могуць ударыць па найбяднейшых краінах.

Харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН (FAO) штомесяц абнаўляе глабальны індэкс цэн на харчы (Food Price Index). Да нядаўна здавалася, што гэтыя цэны пасля леташняга скачка пачалі зніжацца, але сёлета ў ліпені яны зноў выраслі больш як на адзін працэнт. Паводле экспертаў, гэта звязана са зрывам збожжавай угоды: з 20 ліпеня Расея пагражае страляць па караблях, якія ідуць па Чорным моры ва ўкраінскія парты, а праз тыя парты Украіна экспартавала нямала збожжа ў трэція краіны.

Але вайна ва Украіне – не адзіная пагроза цэнам на харчы. Змена клімату можа прыносіць яшчэ больш непрыемныя неспадзяванкі.

Беларускае Радыё Рацыя.