Буйны рытэйлер Inditex адкрые ў Менску крамы Zara, Bershka і іншых брэндаў



Буйны рытэйлер Inditex адкрые сем крамаў брэндавага адзення ў Менску, паведамілі БелаПАН у кампаніі.

„Inditex Group адкрые свае першыя крамы Zara, Pull&Bear, Massimo Dutti, Bershka, Stradivarius, Oysho і Zara Home у [гандлёвым цэнтры] Dana Mall у Менску ў жніўні гэтага года. Хутка будуць пацверджаны канкрэтныя даты”, — паведамілі ў прэс-службе.

Інфармацыя пра адкрыццё ў беларускай сталіцы крам іспанскай кампаніі перыядычна з’яўлялася ў СМІ з 2013 года, але толькі сёлета было абвешчана адпаведнае рашэнне.

Кіраўнічы партнёр міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Colliers International у Беларусі Андрэй Алёшкін звязвае такі доўгі прыход Inditex у Беларусь у першую чаргу з адсутнасцю ў дэвелапераў разумення умоў, якія вылучае кампанія.

„Яны вельмі жорсткія і па тэрмінах аздаблення, і па ўзроўні аздаблення, і па аздобных матэрыялах, і па размяшчэнні, і па фінансавых умовах уваходжання. Яны не плацяць арэнду, а толькі працэнт з абароту. Не гатовыя былі дэвелаперы, але цяпер ёсць парачка саспелых”, — сказаў Алёшкін.

Паводле яго слоў, прыход такой буйной кампаніі ў Беларусь стане радаснай падзеяй перш за ўсё для спажыўцоў гэтых брэндаў, якія, „магчыма, ужо дакладна перастануць ездзіць за мяжу” за адзеннем.

Акрамя таго, падкрэсліў Алёшкін, Inditex будзе працаваць на рынку не па франшызе, а напрамую, што азначае продаж тавараў па тых жа цэнах, якія дзейнічаюць ва ўсім свеце.

„А гэта зніжкавыя праграмы, якія ва ўсім свеце пачынаюцца ў адзін дзень. Гэта 30, 50, 70 і, бывае, 90%. У нас вельмі рэдка, дзе сустрэнеш, а тут, вядома, будзе”, — сказаў кіраўнічы партнёр Colliers International у Беларусі.

Ён таксама выказаў упэўненасць, што за Inditex у Беларусь „пацягнуцца іншыя сусветныя брэнды”. „За імі назірае ўвесь сусветны рытэйл. Гэта знак для ўсіх астатніх, што калі гэтыя зайшлі, то і нам трэба дакладна быць”, — сказаў Алёшкін.

На яго думку, пасля прыходу іспанскай кампаніі на беларускі рынак айчынны рытэйл можа атрымаць новы віток развіцця, у тым ліку праз будаўніцтва новых гандлёвых цэнтраў і стварэнне працоўных месцаў.

„І не трэба баяцца нікому з нашых прысутных на рынку. Наадварот, яны створаць трафік, і суседнія крамы таксама будуць прадаваць больш. І беларускаму вытворцу гэта таксама на руку. Ёсць вельмі вялікія шанцы, што ў будучыні яны пачнуць размяшчаць заказы ў нас”, — адзначыў кіраўнічы партнёр Colliers International у Беларусі.

Inditex — сусветны лідар на рынку рытэйла адзення. Кампанія мае звыш 7 тысяч крамаў больш чым у 90 краінах. Яе выручка за мінулы год склала 23,3 млрд еўра. Заснавальнік і член савета дырэктараў кампаніі Амансія Артэга лічыцца адным з найбагацейшых людзей свету. Forbes ацаніў яго маёмасны стан у 83,6 млрд долараў.

belapan.by