Буйныя і сярэднія кампаніі Беларусі працягваюць губляць работнікаў



Буйныя і сярэднія кампаніі Беларусі працягваюць губляць работнікаў, піша сайт Banki24.by. Летась наймальнікі ў буйных і сярэдніх арганізацыях звольнілі 713 тысяч 700  работнікаў. За той жа час былі прынятыя на працу 667 тысяч 800  чалавек. Такім чынам, з улікам акруглення чысты адток кадраў з прадпрыемстваў-флагманаў склаў каля 45 тысяч 800 чалавек.

Куды маглі растварыцца ўсе гэтыя дзясяткі тысяч людзей? Па-першае, частка працаўнікоў пайшла на пенсію. А з прычыны слабой нараджальнасці ў другой палове 90-х і першай палове 2000-ых на рынак працы зараз прыходзіць прыкметна менш маладога папаўнення, чым раней. Па-другое, верагодная змена занятасці на дробныя прадпрыемствы і мікрабізнэс. Доля малога бізнесу хоць і вельмі павольна, але расце. Па-трэцяе, што асабліва актуальна для 2020 года, гэта наступствы рэлакацыі кадраў за мяжу. Інакш кажучы, кваліфікаваныя беларусы пакідаюць працоўныя месцы і з’язджаюць за кардон.

Беларускае Радыё Рацыя