БВФБ не будзе праводзіць аперацыі з крыптавалютамі



Беларуская валютна-фондавая біржа не будзе праводзіць аперацыі з крыптавалютамі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня праўлення ААТ „Беларуская валютна-фондавая біржа” (БВФБ) Андрэй Аўхіменя.

„Біржа ніколі не будзе ажыццяўляць гандаль або іншыя аперацыі з крыптавалютамі. Крыптабіржы, якія згадваюцца ў дэкрэце нумар 8, дачынення да БВФБ не маюць, гэта не даччыныя арганізацыі Нацбанка або нашы, гэта некаторыя юрыдычныя асобы”, – падкрэсліў кіраўнік Беларускай валютна-фондавай біржы.

Андрэй Аўхіменя растлумачыў, што пры аперацыях з крыптавалютамі гарантый атрымання даходу, прыбытку, гарантый вяртання сродкаў дзяржава не нясе.

Старшыня праўлення біржы яшчэ раз нагадаў, што адзіным законным плацежным сродкам у Беларусі з’яўляецца беларускі рубель. „Аперацыі з крыптавалютамі – прэрагатыва толькі ПВТ”, – адзначыў ён. Пры гэтым Андрэй Аўхіменя ўдакладніў, што ў першапачатковай версіі дэкрэта нумар 8 удзел БВФБ прадугледжваўся.

Дэкрэт нумар 8 „Аб развіцці лічбавай эканомікі” ўступае ў сілу з 28 сакавіка. Дакумент стварае прававыя ўмовы для правядзення ІСО, выкарыстання крыптавалюты і ўкаранення смарт-кантрактаў. Беларусь становіцца першай у свеце юрысдыкцыяй з комплексным прававым рэгуляваннем бізнесаў на аснове тэхналогіі блокчэйн. Дэкрэт не прадугледжвае ніякіх абмежаванняў і спецыяльных патрабаванняў да аперацый па стварэнні, размяшчэнні, захоўванні, адчужэнні, абмене токенаў, а таксама дзейнасці аператараў крыптаплатформ і аператараў абмену крыптавалют.

belta.by