Бярозаўскі крышталь стане прадавацца ў Індыі?
Пра тое, што прадукцыя шклозавода „Нёман” можа пастаўляцца ў Індыю заявіў 24 лютага на сустрэчы з кіраўніцтвам Гарадзенскага аблвыканкама Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Індыі ў Рэспубліцы Беларусь Панкадж Саксена, паведамляе grodnonews.by.
Дыпламат наведаў сёння шклозавод у Бярозаўцы. Паводле яго слоў, прадукцыя з крышталя вельмі высокай якасці і будзе запатрабавана ў Індыі, дзе дабрабыт жыхароў расце.
У Індыю ўжо пастаўляюць сваю прадукцыю ААТ «Гродна Азот», лідскае ААТ «Лакафарба», РУП «Гродзенскае гарбарнае аб’яднанне». А ў гэтай краіне закупляецца тытунёвая сыравіна, турбарэактыўныя рухавікі, лекавыя сродкі.
Як адзначыў старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, у бліжэйшы час Гарадзеншчына плануе наладзіць сувязі з індыйскімі штатамі Андхра Прадэш і Телангана. Сумесна з Гарадзенскім аддзяленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты плануецца візіт афіцыйных і дзелавых колаў вобласці ў горад Хайдарабад, у рамках якога магчыма падпісанне пагадненняў з гэтымі штатамі.
Фота grodnonews.by