Бязмытны ліміт на ўвоз тавараў у ЕАЭС пакінулі ў памеры €1000
Еўразійская эканамічная камісія працягнула дзеянне падвышаных лімітаў бяспошліннага ўвозу тавараў на тэрыторыю краін ЕАЭС для фізічных асоб яшчэ на паўгода. Пра гэта паведаміла афіцыйная прадстаўніца камісіі Ія Малкіна. „Такім чынам, да 1 кастрычніка бягучага года парог бяспошліннага ўвозу тавараў для фізічных асоб складзе €1000 і 31 кг для тавараў, якія перавозяцца перавозчыкам або ў паштовых адпраўленнях, што ўвозяцца багажом усімі відамі транспарту, акрамя паветранага, або ў пешым парадку”, – растлумачыла Ія Малкіна.
Калі кошт тавараў перавышае гэтую суму або вага тавараў складае больш за 31 кг, неабходна будзе заплаціць пошліну ў памеры 15% ад кошту, але не менш за €2 за 1 кг у частцы перавышэння норм. Калі б дзеянне меры не працягнулі, то ліміт з 1 красавіка знізіўся б да 200 еўра. (myfin.by)
МТС адмовілася ад ідэі павышэння тарыфаў
Кампанія МТС перадумала павышаць цэны на свае паслугі, як гэта анансавалася раней. Аператар меў намер падняць кошт у тым ліку званкоў у роўмінгу, а таксама асобных сэрвісных і дадатковых паслуг. У кампаніі не растлумачылі, з чым звязаная адмова ад павышэння тарыфаў, але можна меркаваць, што першачарговай прычынай стала забарона павышаць тарыфы з боку дзяржавы. Камітэт дзяржаўнага кантролю выступіў з крытыкай такіх крокаў з боку беларускіх мабільных аператараў. (nashaniva.com)
Дзясяткі адміністрацыйных спраў і штрафы – вынікі рэйду па перавозчыках
Міністэрства па падатках і зборах расказала пра вынікі рэйду па перавозчыках. Праверкі адносна міжгародніх перавозчыкаў, якія з канца лютага на працягу двух тыдняў праводзілі падатковыя органы сумесна з ДАІ і Транспартнай інспекцыяй, выявілі вялікую колькасць выпадкаў парушэння заканадаўства, а самым частым стала невыкананнем парадку прыёму аплаты за праезд. Усяго дзяржорганы правялі больш за сотню праверак і выявілі 66 фактаў парушэння падатковага заканадаўства.
Цяпер завяршаюцца адміністрацыйныя працэсы ў дачыненні да парушальнікаў, дзе максімальныя сумы штрафаў складаюць 30 базавых велічынь (1110 рублёў) для фізічнай асобы, 50 базавых велічынь (1850 рублёў) для індывідуальнага прадпрымальніка і 100 базавых велічынь (3700 рублёў) для юрыдычнай асобы. (myfin.by)
У сакавіку інфляцыя ў Польшчы дасягнула 16,2%
Інфляцыя ў сакавіку ў параўнанні з аналагічным перыядам 2022 года ў Польшчы склала 16,2%, вынікае з дадзеных Галоўнага статыстычнага ўпраўлення краіны. У параўнанні з папярэднім месяцам цэны выраслі на 1,1%.
Прадукты харчавання і безалкагольныя напоі падаражэлі на 24% у гадавым вымярэнні, энерганосьбіты – на 26%, паліва для прыватнага транспарту – толькі на 0,2%.
Эканамісты PKO Bank Polski прагназуюць, што ў канцы года інфляцыя затрымаецца на 8% у гадавым вымярэнні.
Агляд эканамічных навін ад Беларускага Радыё Рацыя.
Фота мае ілюстрацыйны характар