Былы фермер: Улада баіцца прыватніка, як чорт ладану
Сельская гаспадарка ў Беларусі за 20 гадоў незалежнасці застаецца стратнай галіной прамысловасці, як гэта было і ў савецкі час. Перавага аддаецца ўсё тым жа калгасам.
У той час, як да фермерскіх гаспадарак адносіны з боку ўлады больш жорсткія, кажа былы фермер, уладальнік вялікай дапаможнай гаспадаркі Аляксандр Бяльчук:
– Бухгалтара трымай, дакументы ўсе складай і гэта на 25 гектарах зямлі. Дайце пустое памяшканне фермы – васямнаццаць памяшканняў у нас у вёсцы стаіць. На прыёме старшыня дзяржкаммаёмасці Кузняцоў даў каманду: „Дайце вы яму, няхай працуе”. Раённыя ўлады – не і ўсё: разбяром, закапаем, але не дадзім.
Паводле фермера, цяперашняй уладзе не патрэбны прыватнік, і нават небяспечны для яе:
– Яна баіцца прыватніка, як чорт ладану. Чым будзеш кіраваць, калі ўсе будуць прыватнікамі? А так прадыктаваў цэны на малако 3600, а манапаліст зарабляе грошы – 15 тысяч, 12 тысяч абястлушчанае малако прадае. Сказаў за карову, за кілаграм 17 тысяч, будзь добры здавай на мясакамбінат, а калбаса па 170.
Цяпер Аляксандр Бяльчук, маючы 57 гектараў зямлі, і 40 галоў буйной рагатай жывёлы, падпадае пад закон пра так званых „дармаедаў”. Таму што праца ў дапаможнай гаспадарцы не залічваецца ў працоўны стаж.
Беларускае Радыё Рацыя