Былы прэм’ер-міністр Кабякоў можа ўзначаліць банк
Былы прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў можа ўзначаліць адзін з банкаў.
Як вынікае з матэрыялаў Нацыянальнага банка, 4 кастрычніка Кабякоў прайшоў ацэнку рэгулятара на „адпаведнасць кваліфікацыйным патрабаванням і (або) патрабаванням да дзелавой рэпутацыі” на замяшчэнне пасад: кіраўнік банка, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі; намеснік кіраўніка банка, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі; член калегіяльнага выканаўчага органа банка, нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі; незалежны дырэктар банка і нябанкаўскай крэдытна-фінансавай арганізацыі.
Рэкамендацыі экс-прэм’еру далі яго былы першы намеснік Васіль Мацюшэўскі і незалежны дырэктар ЗАТ „Альфа-Банк” Урал Латыпаў (былы кіраўнік МЗС і Адміністрацыі прэзідэнта).
Мацюшэўскі, нагадаем, займаў пасаду першага віцэ-прэм’ера і пакінуў Саўмін адначасова з Кабяковым. 13 верасня ён таксама прайшоў кваліфікацыйную камісію Нацбанка. Камісія пацвердзіла, што былы першы віцэ-прэм’ер адпавядае кваліфікацыйным патрабаванням, якія выстаўляюць да кіраўнікоў і намеснікаў кіраўніка банка.
Кабякоў узначальваў урад з 27 снежня 2014 года. На нарадзе 14 жніўня гэтага года, прысвечанай развіццю Аршанскага раёна, Аляксандр Лукашэнка рэзка крытыкаваў працу ўрада і даручыў унесці прапановы аб заменах ў Саўміне.
18 жніўня кіраўнік дзяржавы замест Кабякова прызначыў прэм’ер-міністрам Сяргея Румаса, змяніў чатырох з пяці віцэ-прэм’ераў, а таксама прызначыў некалькі новых міністраў.
Кабякоў з 28 снежня 2010 года па 8 лістапада 2011-га займаў пасаду намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, з лістапада 2011-га па 27 жніўня 2012 года — пасла Рэспублікі Беларусь у Расійскай Федэрацыі, з 27 жніўня 2012 года ўзначальваў Адміністрацыю прэзідэнта, 27 снежня 2014 года быў прызначаны прэм’ер-міністрам Беларусі, змяніўшы Міхаіла Мясніковіча. БелаПАН