Былы топ-менеджар EPAM: Краіна ўсё бліжэй да краху і застою
„Кожны дзень, які ўлада не ідзе на дыялог, наносіць страты эканоміцы краіны”, — заявіў былы старшы віцэ-прэзідэнт буйной IT-кампаніі ЕРАМ Максім Баграцоў, які пасля 20 гадоў працы за мяжой вярнуўся ў Беларусь і стаў членам асноўнага складу Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу. Цяпер ён пачаў выконваць таксама функцыі спікера штаба арыштаванага Віктара Бабарыкі замест членаў прэзідыума КР Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, якія знаходзяцца ў зняволенні.
„У гэтым годзе краіна дайшла да крытычнага пункта змяненняў, пасля якога няма зваротнай дарогі ні нам, ні дзейнай уладзе”, — сказаў Баграцоў у першым відэазвароце да грамадзян 14 верасня.
„Учора прайшоў новы нядзельны марш. Улады зноў дзейнічалі груба, ліхаманкава, нервова і вельмі па-дурному. Гледзячы на карціну ўчарашняга дня, узнікае пытанне: як можна не разумець народ? Як можна ў прынцыпе не разумець настолькі сітуацыю? Ужо ў першыя крывавыя дні пасля выбараў стала відавочным, што ні сілай, ні націскам, ні прапагандысцкімі фэйкамі не прыбраць людзей з вуліц, не задушыць іх нязгоду”, — перакананы член КР.
Праз нежаданне ўлады ісці на дыялог, „які ёй прапаноўваюць Каардынацыйная рада і народ”, „мы губляем на волі людзей, якія кіравалі бізнесам, развівалі IT, працавалі на вытворчасці”. „Арыштаваныя рахункі кампаній, затрыманыя топ-менеджары — гэта падатковыя страты, гэта знішчэнне працоўных месцаў, гэта адкліканне інвестыцый. Тыя людзі, якія яшчэ на волі, губляюць эфектыўнасць, чым бы яны ні займаліся. Іх думкі і час занятыя барацьбой і непакоем за сваю бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх. Замежныя інвестары і буйныя кампаніі не стануць укладваць грошы ў краіну, дзе выкрадаюць людзей, дзе забіваюць, дзе ўцякаюць ад дубінак і дзе інтэрнэт адключаюць, як святло на кухні”, — заявіў Баграцоў.
На яго думку, беларусы не захочуць узаемадзейнічаць з дзяржаўнай сістэмай, якая сімвалізуе гвалт, не стануць плаціць падаткі, якія „пойдуць на зарплату тым, хто хапае іх на вуліцы і цягне па асфальце”.
Гэта „відавочна ўсім, акрамя дзейнай улады”, лічыць былы топ-менеджар ЕРАМ. „Яна яшчэ верыць, што закрые раты кляпамі, а дубінкамі прымусіць беларусаў любіць сябе. Мы заклікаем дзейную ўладу да дыялогу. Краіна, якая можа квітнець і прыгажэць, з кожным днём рухаецца ўсё бліжэй да краху і застою”, — заявіў Баграцоў.
Паводле яго слоў, каб канкурыраваць на міжнародных рынках, людзям патрэбная свабода, а не „сіні бус, які вязе цябе ў цемру, таму што ты пакрыўдзіў дзейную ўладу тым, што не хочаш на яе працаваць”. „Прававы дэфолт — гэта шлях у 90-я. Дзейная ўлада вельмі добра памятае 90-я гады і, падобна да таго, усё яшчэ жыве ў гэтым часе. А новае пакаленне смелых, творчых, сучасных беларусаў не хоча жыць па законах 90-х”, — перакананы член КР.
Ён заклікаў „выказваць сваю нязгоду ўсімі даступнымі законнымі спосабамі”. „Не чакайце каманды — працягвайце дзейнічаць. Ёсць ідэя — ідзіце і рабіце”, — сказаў Баграцоў.
Член КР прапанаваў „ні на адзін дзень не забываць пра палітычных зняволеных, якія ўжо заплацілі сваю цану за нашу з вамі свабоду, і працаваць і за сябе, і за іх”.
Баграцоў выказаўся і пра сваю новую ролю спікера штаба Бабарыкі: „Яшчэ тры месяцы таму вы слухалі Віктара Бабарыку, потым ад імя штаба з вамі гаварылі Марыя Калеснікава і Максім Знак. Цяпер гэта раблю я. Хутка на маім месцы можа з’явіцца нехта іншы, а потым, магчыма, нехта яшчэ. Але гэта ўсё не катастрофа. Колькі б людзей ні пазбавілася свабоды, немагчыма абысці аб’ектыўныя законы развіцця грамадства, эканомікі і проста арыфметыкі. Нас большасць, і разам мы пераможам”.
Фота fastpic.ru