Былыя супрацоўнікі „Гродна Азота” аспрэчваюць сваё звальненне ў судзе (абноўлена)
Трынаццаць звольненых супрацоўнікаў ААТ „Гродна Азот” вырашылі аспрэчыць сваё звальненне ў судзе. Іхні іск 11 студзеня пачаў разглядаць суд Кастрычніцкага раёна Гародні.
Першасная арганізацыя Беларускага незалежнага прафсаюзу бароніць звольненых адміністрацыяй ” Азота” сяброў, выставіўшы іск на той падставе, што яны звольнены з парушэннем працэдуры звальнення, што ставіць такое рашэнне ў ранг неправамерных. Патрабаванне Беларускага незалежнага прафсаюзу: аднавіць незаконна звольненых сяброў на іх пасадах. На судовым паседжанні пабываў праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Раман Юргель:
– Звальненне звязанае з 26 кастрычніка, калі пачаўся страйк не толькі на “Азоце”, але і на іншых прадпрыемствах у знак нязгоды з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Ужо ў панядзелак 26 кастрычніка АМАП у шлемах, у амуніцыі пачаў гвалтоўныя затрыманні людзей. У Кастрычніцкім РАУСе былі складзены адміністрацыйныя пратаколы па артыкуле 23.34.
Заслухаўшы меркаванні бакоў, суддзя Сяргей Слашчоў абвясціў 18 студзеня першым днём судовага разбіральніцтва. Заўважым, што звольненыя працаўнікі з’яўляюцца адмыслоўцамі ў тэхналагічным працэсе прадпрыемства.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
* * *
Каля 30 супрацоўнікаў гарадзенскага хімічнага прадпрыемства былі звольненыя пасля таго, як 26 кастрычніка далучыліся да страйку. Беларускі незалежны прафсаюз (БНП) „Гродна Азот” падаў у суд іск, каб аднавіць некаторых звольненых на працы. У іх ліку — Дзмітрый Барабан, Артур Богуш, Юрый Борыс, Вадзім Венскі, Аляксей Дарагой, Уладзімір Жураўка, Дзмітрый Клыкоў, Яўгенія Кузікевіч, Андрэй Пагерыла, Міхаіл Рачынскі, Аляксей Сідар, Яўген Хмялеўскі, Сяргей Шэлест.
Як адзначыў у судзе прадстаўнік незалежнага прафсаюза, людзей звальнялі без папярэдняй згоды БНП, да таго ж некаторыя былі звольненыя ў той час, калі знаходзіліся на бальнічным.
Са свайго боку прадстаўнікі адміністрацыі „Гродна Азота” заявілі, што паводле калектыўнай дамовы неабходнасць атрымліваць згоду незалежнага прафсаюза на звальненне яго членаў была адмененая ў сакавіку 2020 года.
Адзін са звольненых — Юрый Борыс — паведаміў, што ўжо знайшоў новую працу і не плануе аднаўляцца на „Азоце”. „Мне пагражалі. Людзей білі. Мне было страшна. Я як дарослы чалавек не магу сябе так зневажаць. Я хаджу на прадпрыемства, зарабляю для яго грошы”, — растлумачыў ён сваю пазіцыю.
Яўгенія Кузікевіч распавяла, што далучылася да страйку 28 кастрычніка, бо не адчувала сябе на прадпрыемстве ў бяспецы. 26 кастрычніка яе каля працы затрымалі супрацоўнікі АМАПа, калі яна прыйшла на абследаванне з хворай нагой. „Гэта жах, цяжка апісаць. Пасля такога трэба да псіхолага звяртацца… Каго прадстаўляюць гэтыя людзі ў форме і бронекамізэльках, якія кажуць мне працаваць?” — задала пытанне звольненая.
Андрэй Пагерыла і Сяргей Шэлест у канцы верасня адбывалі па 10 сутак за тое, што павесілі на тэлевышкі бел-чырвона-белы сцяг. Праз месяц пасля вызвалення іх адміністрацыйны арышт прыраўнавалі да прагула і звольнілі.
Фота: svabodа.org