Бюджэт 2018: урэзалі выдаткі на камуналку, ахову здароўя і адукацыю



Дэпутаты прынялі ў першым чытанні галоўны фінансавы дакумент краіны. Бюджэт на 2018 год складалі, зыходзячы з кансерватыўнага сцэнара.

– Прагнозныя паказчыкі прадугледжваюць: тэмп роста ВУП – на 1,2%, сярэднегадавыя параметры інфляцыі – у межах 7,4%, стаўка рэфінансавання – 11%, цана на нафту – 43 даляра за барэль, – распавёў на пасяджэнні парламента міністр фінансаў Уладзімір Амарын.

Зараз у праекце значацца наступныя лічбы: даходы кансалідаванага бюджэту (гэта значыць рэспубліканскага і мясцовых у агульнай суме) – 32,4 млрд. рублёў, выдаткі – 31,8 млрд. Як і заўсёды, папаўняцца бюджэт будзе ў першую чаргу за кошт падаткаў. Прыкладна 65% выдаткаў – гэта выдаткі на першачарговыя патрэбы: выплата заробкаў бюджэтнікам, аплата камунальных выдаткаў, пагашэнне знешняга доўгу і гэтак далей.

Па запланаваных расходах у дэпутатаў паўсталі пытанні.

– У параўнанні з нулявым чытаннем шмат якія артыкулы бюджэту былі зрэзаныя амаль на 10%. Гэта ўразанне закранула выдаткі на ЖКГ, ахову здароўя, адукацыю і сацыяльную сферу. Аднак амаль у два разы павялічыліся адлічэнні ў рэзервовы фонд прэзідэнта. Чым абумоўлена такая карэкціроўка бюджэту? – пацікавілася ў міністра дэпутат Ганна Канапацкая.

– Так, былі праведзены пэўныя невялікія скарачэнні выдаткаў, – пагадзіўся Уладзімір Амарын. – Але не першачарговых, выключаючы нашы выдаткі на заработную плату, выкананне даўгавых абавязацельстваў. Астатнія выдаткі былі некалькі скарочаныя і зарэзерваваныя для таго, каб пасля, зыходзячы з вынікаў года, выканання бюджэту, пры неабходнасці адправіць гэтыя сродкі на тыя патрэбы, якія будуць неабходныя. У першую чаргу стаіць задача падвышэння заробку ў бюджэтным сектары і рэалізацыі прыярытэтных інавацыйных інвестыцыйных праектаў. У рэзерваванні сродкаў няма нічога згубнага.

Адзін з самых буйных артыкулаў расходаў бюджэту – гэта выплата даўгоў. Сумарна ў наступным годзе трэба будзе вярнуць 3,8 млрд. даляраў.

Без новых даўгоў таксама не абысціся: дзяржава разлічвае ўзяць у пазыку 1,2 млрд. даляраў.

– Мы плануем атрымаць сёмы транш крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця – 200 млн. даляраў, ажыццявіць выпуск Мінфінам еўрааблігацый на суму 600 млн. даляраў на знешнім рынку і прыцягнуць на ўнутраным рынку 400 млн. даляраў, – пракаментаваў Уладзімір Амарын.

kp.by

Фота belnovosti.by