Бюджэт Гарадзенскай вобласці ў мінусе



Бюджэт Гарадзенскай вобласці знаходзіцца ў адмоўным стане, а яго пазыкі павялічваюцца. У параўнанні з мінулым годам прыбытак скараціўся амаль на 10%, у сувязі з чым розніца паміж выдаткаванымі і заробленымі сродкамі кампенсавалася дзяржавай. Сярэдні ўзровень датацый у кансалідаваны бюджэт вобласці склаў 23%. Пры гэтым бюджэт рэгіёна па розных прычынах недаатрымаў больш за 27 мільёнаў даляраў. Як адзначыў старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, прычынай такой сітуацыі з’яўляецца фактар эканамічнай нестабільнасці:

– Нашы знешнія партнёры – гэта Расея і Казахстан. Адбываюцца рэзкія хваляванні нацыянальнай валюты са змяненнем курсу, дэвальвацыяй і так далей. Усё гэта адбіваецца на нашых экспарцёрах.

У структуры бюджэта Гарадзенскай вобласці палова выдаткаў належыць адукацыі, ахове здароўя, спорту і афіцыйным сродкам масавай інфармацыі, якія фінансуюцца дзяржавай. Яшчэ 17% паглынаюць датацыі на жыллёва-камунальную гаспадарку і жыллёвае будаўніцтва. Прычым, калі датацыі на будаўніцтва жытла змяншаюцца, выдаткі на фінансаванне дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі павялічваюцца.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня