Бюджэт у студзені—лістападзе выкананы з дэфіцытам 600 млн рублёў
Рэспубліканскі бюджэт Беларусі ў студзені—лістападзе выкананы з дэфіцытам 0,6 млрд рублёў, паведамляе Міністэрства фінансаў.
Месяцам раней перавышэнне расходаў бюджэту над яго даходамі таксама складала 600 млн рублёў. Такім чынам, за лістапад дэфіцыт бюджэту не змяніўся.
Згодна з вынікамі студзеня—лістапада даходы рэспубліканскага бюджэту склалі 21,5 млрд рублёў, або 84% удакладненага гадавога плана. Паступленне ПДВ склала 11,7 млрд рублёў, або 94,2%. Падатку на прыбытак паступіла 2,3 млрд рублёў (60,1%), акцызаў — 2,8 млрд рублёў (86,4%). Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці склалі 3,6 млрд рублёў (75,4%).
На 1 снежня 2020 года запазычанасць па падатках і зборах склала 157,1 млн рублёў.
Расходы рэспубліканскага бюджэту склалі 22,1 млрд рублёў, або 78,8% удакладненага гадавога плана. На агульнадзяржаўную дзейнасць накіравана 10,3 млрд рублёў (77,7%), на фінансаванне нацыянальнай эканомікі — 4,7 млрд рублёў (79,5%), сацыяльнай сферы (сацыяльная палітыка, адукацыя, ахова здароўя, фізічная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі) — 15,9 млрд рублёў (86,1%).
Паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва склалі 15,8 млрд рублёў, або 91,7% зацверджанага гадавога плана, расходы — 15,6 млрд рублёў, або 90,9%. Прафіцыт бюджэту ФСАН склаў 0,2 млрд рублёў.
Варта адзначыць, што закон аб рэспубліканскім бюджэце на 2020 год прадугледжвае яго дэфіцыт амаль у 1 млрд рублёў. Улады закладвалі такі дэфіцыт з-за выпадзення нафтавых даходаў, выкліканага расійскім падатковым манеўрам, і росту расходаў у сувязі з планамі па павелічэнні зарплат у бюджэтнай сферы.
Рэспубліканскі бюджэт Беларусі 2021 года запланаваны з дэфіцытам 4 млрд рублёў, або 2,6% да ВУП. Даходы бюджэту павінны скласці 23,3 млрд, а расходы дасягнуць 27,3 млрд рублёў.