Бюджэтны прафіцыт вырас за травень на 220 млн рублёў



Па выніках студзеня—траўня рэспубліканскі бюджэт выкананы з прафіцытам у 2,42 млрд рублёў, паведамляе Міністэрства фінансаў.

Па выніках чатырох месяцаў прафіцыт (перавышэнне даходаў над расходамі) складаў 2,2 млрд рублёў. Такім чынам, за травень ён вырас на 0,22 млрд рублёў пасля павелічэння на 1,4 млрд рублёў за красавік.

Даходы рэспубліканскага бюджэту склалі 10,16 млрд рублёў, або 42,7% удакладненага гадавога плана. Паступленне ПДК склала 4,8 млрд рублёў, або 41,6%. Падатку на прыбытак паступіла 1,4 млрд рублёў, або 37,6%. Акцызы паступілі ў суме 1,1 млрд рублёў, або 43,7%. Даходы ад знешнеэканамічнай дзейнасці склалі 1,9 млрд рублёў, або 44,6%.

Паступленні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва склалі 6,33 млрд рублёў, або 42,1% зацверджанага гадавога плана, Фонд універсальнага абслугоўвання — 21,5 млн рублёў, або 51,2%, Фонд грамадзянскай авіяцыі — 22 млн рублёў, або 84,6%, Фонд дэпартамента выканання пакаранняў — 0,3 млн рублёў, або 75%.

Па стане на 1 чэрвеня 2019 года запазычанасць па падатках і зборах склала 133,5 млн рублёў.

Расходы рэспубліканскага бюджэту склалі 7,74 млрд рублёў, або 34,9% удакладненага гадавога плана. На агульнадзяржаўную дзейнасць накіравана 3,0 млрд рублёў (31,3%), на фінансаванне нацыянальнай эканомікі — 2,1 млрд рублёў (40,5%), на фінансаванне сацыяльнай сферы (сацыяльная палітыка, адукацыя, ахова здароўя, фізічная культура, спорт, культура і сродкі масавай інфармацыі) — 6,2 млрд рублёў (38,1%).

Расходы Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва склалі 6,25 млрд рублёў (42,2%), Фонду ўніверсальнага абслугоўвання — 1,7 млн рублёў (4,0%), Фонду грамадзянскай авіяцыі — 12,5 млн рублёў (48,1%), Фонду дэпартамента выканання пакаранняў — 0,1 млн рублёў (25%).

Прафіцыт рэспубліканскага бюджэту сфарміраваны ў памеры 2,42 млрд рублёў.

Прафіцыт бюджэту Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва склаў 0,08 млрд рублёў, Фонду ўніверсальнага абслугоўвання — 19,8 млн рублёў, Фонду грамадзянскай авіяцыі — 9,5 млн рублёў, Фонду дэпартамента выканання пакаранняў — 0,2 млн рублёў.

Падчас сустрэчы з журналістамі 20 чэрвеня, міністр фінансаў Максім Ермаловіч адзначыў, што ў гэтым годзе даходы бюджэту паступаюць у адпаведнасці з гадавым планам. „У цэлым на год выходзім на планавы аб’ём даходаў, магчыма, нават яны будуць крыху большымі, чым мы планавалі”, — сказаў Ермаловіч.

„У цэлым мы разлічваем на прырост даходаў бюджэту ў 2019 годзе і тым самым часткова кампенсаваць страты, якія могуць паўстаць у выпадку рэалізацыі Расеяй падатковага манеўру”, — дапоўніў кіраўнік Мінфіна.

Паводле яго слоў, бюджэт пакуль не адчуў значнага негатыўнага ўплыву ў сувязі са скарачэннем аб’ёмаў нафтаперапрацоўкі вясной гэтага года. „Мы лічым, што страты, звязаныя з паступленнем з Расеі „бруднай” нафты, павінны знікнуць па меры аднаўлення аб’ёмаў перапрацоўкі нафты. У нас ёсць дакладнае разуменне, што аб’ёмы перапрацоўкі будуць адноўленыя ў адпаведнасці з першапачатковым планам”, — адзначыў Ермаловіч.

Між тым беларускія эканамічныя аналітыкі звяртаюць увагу, што нафтавыя даходы дазвалялі Беларусі ў апошнія гады фарміраваць значны прафіцыт бюджэту, які краіна накіроўвала на выплаты па дзярждоўгу. Аднак у найбліжэйшыя гады будзе назірацца супрацьлеглая дынаміка і нафтавыя прыбыткі будуць скарачацца.

belapan.by