Чакаецца зніжэнне цэн на лекі



Міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Малашка паабяцаў значнае зніжэнне цэн на лекі ў верасні-кастрычніку.

„Зніжэнне будзе ісці паступова, але яно будзе значным і істотным”, — заявіў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя ў інтэрв’ю праграме „Контуры” тэлеканала ОНТ, паказаным увечары 17 верасня.

Паводле слоў міністра, беларускі рынак лекаў складае 600 млн долараў. „Ён ураўнаважыўся, практычна 50 на 50. Каля 300 млн долараў лекавых прэпаратаў мы вырабляем, ну і парадку 300 млн долараў мы закупляем за межамі нашай краіны”, — распавёў Малашка.

„Мы вельмі сур’ёзна папрацавалі з экспарцёрамі лекавых прэпаратаў. Буйных гульцоў на нашым рынку прыкладна пятнаццаць. І паводле асноўнай наменклатуры лекавых прэпаратаў мы маем зніжэнне ад 10 да 60%”, — адзначыў ён.

Пры гэтым міністр заявіў, што гэта не аднамомантнае паніжэнне кошту лекаў. „Дакладней, гэта не цана сёння лекавага прэпарата ў аптэчным кіёску або ў аптэцы. Значнае зніжэнне коштаў адчуецца ў верасні—кастрычніку”, — паабяцаў ён.

Міністр не сумняваецца, што неабходныя лекавыя прэпараты будуць у наяўнасці ў аптэчнай сетцы як дзяржаўнай і недзяржаўнай формаў уласнасці.

Што тычыцца цэнавай палітыкі, ён сказаў, што каля 36% лекавых прэпаратаў, якія вырабляюцца ў краіне, маюць цану меншую за адзін долар, 25% — да двух долараў. Менавіта ў гэтым, паводле слоў Малашкі, Беларусь сёння цікавая ў якасці экспарцёра лекаў.

БелаПАН