Чаму банкі не могуць указваць рэальны курс продажу валюты?



Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра кампаніі „Альпары” ў Менску Вадзім Іосуб каментуе сітуацыю на валютным рынку краіны.

Як вядома, Нацыянальны банк параіў банкам памяняць палітыку курсаўтварэння ў абменных пунктах. З 23 снежня курс куплі ў насельніцтва валюты павінен быць меншы за рэальны курс продажу ўсяго на 5%. Наколькі своечасовая такая мера?

Вадзім Іосуб: З пункту меркавання насельніцтва сітуацыя зараз горшая, чым была тыдзень таму, але лепшая, чым учора, калі пасля ўвядзення падатку разбежка паміж пакупкай і продажам валюты складала 30 працэнтаў. Гэтая мера можа выключыць адраджэнне чорнага рынка валюты, які ў апошнія дні ўжо падымаў галаву.

РР: Мяркуеце, што гэта будзе ўдарам па валютчыках?

Вадзім Іосуб: Маржа паміж купляй і продажам моцна скарацілася, таму зараз наўрад ці хто захоча займацца нелегальнымі аперацыямі дзеля некалькіх працэнтаў прыбытку. Але тут ёсць адна акалічнасць. Чорнага рынку не стане, калі валюта рэальна будзе ў абменніках. Інакш валютчыкі нікуды не знікнуць.

РР: Атрымоўваецца, што зараз у банках курс куплі вышэйшы за курс продажу?

Вадзім Іосуб: На табло ў банках мы на самай справе бачым карцінку, якая, мякка кажучы, выглядае дзіўнай. І якога-небудзь замежніка, які не ведае беларускія новаўвядзенні, наогул можа звесці з розуму. Я не разумею, чаму банкі не могуць указваць рэальны курс продажу валюты, з улікам 30-працэнтнага падатку. Але, спадзяемся, што гэтая сітуацыя часовая, і хуткім часе курс продажу на табло таксама будзе рэальны, бо сэнсу нешта хаваць няма ні эканамічнага, ні псіхалагічнага. А для людзей, якія звяртаюцца ў абменнікі, гэта толькі стварае дадатковыя нязручнасці.

РР: Ці будзе працягвацца паступовая дэвальвацыя афіцыйнага курса?

Вадзім Іосуб: Сёння курс долара вырас на 20 рублёў, учора ўпершыню за год – адразу на 30 рублёў. Гэта сведчыць аб тым, што ад ранейшай палітыкі курсаўтварэння, калі долар падымаўся роўна на 10 рублёў, ужо адмовіліся. Курс будзе больш гнуткім і, хутчэй за ўсё, афіцыйны курс валют будзе расці больш хуткімі тэмпамі, чым гэта назіралася на працягу апошняга году.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя