Чаму Беларусь не далучаецца да расейскіх санкцыяў супраць Еўразвяза?



У МЗС Беларусі заяўляюць, што пытанне далучэння Беларусі да расейскіх санкцый супраць Еўразвяза не стаіць на павестцы дня. Эканаміст Барыс Жаліба растлумачыў, чаму Беларусь выступае і будзе выступаць супраць такіх санкцый.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык у каментары Радыё Свабода адзначыў: „Калі расейскі бок не выключае, што такая неабходнасць можа ўзнікнуць у будучыні, то гэта меркаванне расейскага боку. І гэта права расейскага боку, таксама як права беларускага боку ставіць на парадак дня інтэграцыйных аб’яднанняў тыя ці іншыя пытанні”.

Беларускі дыпламат лічыць, што расейскі міністр проста абазначыў магчымасць у рамках нарматыўна-прававой базы Мытнага саюзу тое, што Расія можа паставіць гэтае пытанне на парадак дня.

Барыс Жаліба: Беларусь ніяк не зацікаўлена ў такой аванцюры, як далучэння да санкцый супраць Еўразвяза, а таму адразу і не падтрымала яе. Хоць гэтае пытанне ставілася, калі Расея ўводзіла контрсанкцыі супраць Еўропы. Казахстану таксама гэта не патрэбна. Міністр замежных спраў Расеі Лаўроў заявіў аб магчымым далучэнні Беларусі і Казахстана да санкцый, але затым дадаў, што гэта можа быць у перспектыве. Гэта хутчэй сігнал саюзнікам па Мытнаму саюза і Еўразійскаму, які пачынае працу з 1 студзеня наступнага году. Маўляў, Беларусь і Казахстан таксама павінны ісці ў фарватары той эканамічнай вайны з Еўразвязам і палітыкі, якую праводзіць Крэмль ва Украіне. І, калі Масква жорстка запатрабуе, то нікуды не падзенецеся. Інакш будзе ціск на тыя слабыя месцы, што ў Беларусі ёсць.

РР: Напрыклад?

Барыс Жаліба: Крэмль можа больш не даць крэдытаў, падняць кошты на энерганосьбіты… Але, паўтаруся, санкцыі супраць Еўропы нам абсалютна не патрэбныя. Уявіце сабе, што адмовімся ад усяго харчавання, што ідзе ў Беларусь з Еўразвязу. Такіх харчовых пазіцый вельмі шмат – зайдзіце ў любы магазін і паглядзіце на колькасць імпартных тавараў. Калі ўсё гэта знікне, то ў краіне пачнецца дэфіцыт. Будзе тое, што зараз адбываецца ў Расеі. Беларусі гэта не патрэбна. Да таго ж, зараз краіна яшчэ і добра зарабляе на тым, што Расея ўвяла санкцыі супраць еўрапейскіх тавараў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя