Чаму Беларусь не прымаюць у Сусветную гандлёвую арганізацыю?
Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму Беларусь да гэтага часу не ўступіла ў СГА.
Не так даўно ў Швейцарыі прайшоў чарговы раўнд перамоваў пра ўступленне Беларусі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю. Са слоў першага намесніка міністра замежных спраў Андрэя Еўдачэнкі, цікавасць да гэтага “вельмі вялікая, бо СГА аб’ядноўвае усіх асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі”.
Барыс Жаліба: У СГА Беларусь збіраецца ўжо гадоў дваццаць, але, як кажуць, воз да гэтага часу на месцы. Працэдура ўступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю насамрэч доўгая, але хто хацеў уступіць, ужо даўно там.
Зараз, наколькі мне вядома, Беларусь ужо закончыла перамовы з 20 гандлёвымі партнёрамі. Засталіся 5-6 краін, з якімі неабходна яшчэ дамаўляюцца. І, варта адзначыць, засталіся найбольш складаныя перамовы. Калі не памыляюся, то яшчэ патрэбна дамаўляцца з ЗША, а гэта – важнейшы гулец у СГА.
РР: Беларускі бок зацікаўлены, каб як можна хутчэй стаць сябрам Сусветнай гандлёвай арганізацыі?
Барыс Жаліба: Зацікаўленасць ёсць, але я б не сказаў, што ўлады Беларусі ў гэтым накірунку вельмі актыўнічалі. Нашы спецыялісты ў вобласці гандлю і эканомікі, мабыць, наогул не маглі вызначыцца, больш тут плюсаў альбо мінусаў ад уступлення краіны ў СГА.
З аднаго боку, сяброўства ў СГА паспрыяе таму, што знікнуць розныя гандлёвыя бар’еры сярод удзельнікаў арганізацыі, але з іншага беларускія ўлады апасаюцца, што гэта прывядзе да большага адкрыцця мяжы для імпартных тавараў, і ў такім выпадку беларускія могуць не вытрымаць канкурэнцыі. Суадносна, гэта абсалютна непатрэбна беларускім прадпрыемствам, многія з якіх жывуць не за кошт сваёй высокаякаснай прадукцыі, а за кошт дзяржаўных датацый.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя