Чаму беларуская нафтаперапрацоўка патрапіла ў крызіс?
Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб распавёў пра тое, чаму беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы нясуць вялікія страты.
Страты беларускай нафтаперапрацоўкі за 9 месяцаў склалі 209 мільёнаў рублёў і выраслі ў дачыненні да 2017 года ў 215 разоў! Паведамляецца, што асноўная крыніца страт – наваполацкі “Нафтан”.
Вадзім Іосуб: На страты беларускай нафтаперапрацоўкі паўплывалі два фактары. Першы – тое, што ў нас на ўнутраным рынку прадукты нафтаперапрацоўкі і насамрэч прадаюцца па заніжаных цэнах. Яшчэ літаральна год-два таму ў значнай ступені гэта кампенсавалася экспартам нафтапрадуктаў, на якім не толькі зараблялі (прыбытак закрываў страты на ўнутраным рынку), але і ў цэлым нафтаперапрацоўка была прыбытковым заняткам. Зараз, відаць, скараціўся экспарт на асноўныя рынкі, якімі з’яўляліся Україна і Заходняя Еўропа, а пастаўкі на ўнутраны рынак як былі стратнымі, так і засталіся. Паступовае падняцце коштаў на паліва на 1 капейку пакуль яшчэ не вывела ўнутраны рынак на рэнтабельнасць, а адсюль і страты.
РР: Ці можна нафтаперапрацоўка ізноў быць прыбытковай?
Вадзім Іосуб: Дзеля гэтага і падвышаюць цэны на паліва амаль кожны тыдзень, і гэты працэс працягнецца. Пры гэтым зараз мы бачым на сусветных рынках стадыю зніжэння коштаў на нафту. Літаральна за два месяцы нафта знізілася з 85 даляраў амаль да 62 даляраў. Зніжаюцца кошты на нафту – зніжаецца і цана на сусветных рынках на нафтапрадукты. І гэта будзе пагаршаць фінансавыя вынікі беларускіх нафтаперапрацоўшчыкаў. Таму з аднаго боку можна крыху змяншаць выдаткі, падымаючы цэны на паліва на ўнутраным рынку, але адначасова зніжаецца прыбытак на знешнім рынку. І дастаткова складана сказаць, калі мы пачнем ізноў працаваць з прыбыткам.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя