Чаму беларускія тавары ў Расеі каштуюць у разы танней?
Эканаміст Леў Марголін тлумачыць, чаму беларуская мадэль эканомікі не прадугледжвае танныя тавары для саміх беларусаў.
Беларусы, якія наведваюцца ў Расею, распавядаюць, што ў суседняй краіне беларускі цукар каштуе на нашы грошы 83-84 капейкі. І гэта ў той час, калі для беларусаў айчынны цукар каштуе амаль у два разы даражэй – 1 рубель 50 капеек. Як патлумачыць такі феномен?
Леў Марголін: Часцей за ўсё такая такая сітуацыя атрымліваецца, калі беларускім прадпрыемствам трэба захаваць аб’ёмы вытворчасці. Бо, напрыклад, калі ім гандляваць у Расеі па беларускіх коштах, то тавары ніхто не купіць. Там жа таксама ёсць цукровыя заводы, якія дэмпінгуюць цэны.
У такім выпадку, каб быць канкурэнтнымі на расейскім рынку, трэба зніжаць кошты. У адваротным выпадку – скарачаць вытворчасць. Натуральна, аддаюць перавагу першаму, а таму і экспартуюць прадукцыю ў суседнюю краіну па кошце таго ж цукру, які меншы амаль у два разы, чым у Беларусі.
РР: Але і ў выніку ў пройгрышы застаецца беларускі спажывец…
Леў Марголін: Безумоўна, бо ў Беларусі няма рынкавай эканомікі. Каб яна была, то цукар бы ішоў не з Беларусі ў Расею, дзе ён больш танны, а наадварот. І ён бы ціснуў на беларускіх вытворцаў.
Некаторым, магчыма, давялося б і закрыцца, але была б нармальная канкурэнцыя. Але паколькі яе няма, то закладнікамі сітуацыі становіцца беларускае насельніцтва.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя