Чаму беларусы кінуліся скупляць прадукты?
Эканаміст Леанід Заіка патлумачыў, чаму з-за эпідэміі каронавіруса ў крамах пачаў узнікаць ажыятаж.
З-за каронавіруса беларусы (ды і грамадзяне ў некаторых іншых краінах) пачалі масава скупляць прадукты харчавання і іншыя тавары. Навошта?
Леанід Заіка: Ажыятаж насельніцтва падчас такіх сітуацый – нармальная з’ява, якая ёсць у шматлікіх краінах. І гэта даволі выгодна гандлю. Зараз наступіў залаты перыяд для гандлёвых сетак, таму прадпрымальнікі проста пляскаюць у далоні. Як кажуць, не было б шчасця ды няшчасце дапамагло.
РР: Можа беларусаў насамрэч чакае дэфіцыт тавараў?
Леанід Заіка: Калі кожны купіць па 10 кілаграмаў цукру, то на ўсіх можа і не хапіць. І паперы для прыбіральняў можа не хапіць, калі будуць браць па 20 пачакаў. У савецкія часы таксама быў дэфіцыт тавараў, у 50-я гады раскуплялі запалкі і соль, бо яны не псуюцца. Чакалі, што будзе вайна з Амерыкай. Як бачым, тады не спатрэбіліся. А ўвогуле, паніка і набегі на магазіны адбываюцца менавіта тады, калі людзі не давяраюць словам улады. Дык вось ажыятаж – гэта рэакцыя народа на заявы нашых кіраўнікоў, што ў краіне ўсё спакойна і падстаў для хваляванняў няма.
Што датычыцца прадуктаў харчавання, то ў нас ёсць запасы і дзяржаўнае рэгуляванне гандлю. Няхай яны пакажуць, як працуюць у экстрэмальных умовах. Але ўпэўнены, што народ прадукты тонамі закупляць не будзе. Па той простай прычыне, што ў людзей няма грошай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя