Чаму беларусы палюбілі крэдыты?



Эканаміст Леў Марголін патлумачыў, чаму запазычанасці людзей па крэдытах працягваюць расці.

Па інфармацыі Нацбанка, беларусы актыўна працягваюць карыстацца банкаўскімі крэдытамі. За чэрвень запазычанасць фізічных асобаў па крэдытах вырасла да 10162,5 мільёна рублёў. Год таму гэты паказчык складаў 7 694,5 мільёны рублёў. За чэрвень запазычанасць па крэдытах вырасла на 171,6 млн. рублёў, за травень – на 241,1 млн. рублёў.

Леў Марголін: Крэдыты бяруць, бо заробкі не растуць, а патрабаванні ў людзей па-ранейшаму застаюцца досыць высокімі. Грошай катастрафічна ў народа не хапае, але многія не хочуць сябе абмяжоўваць у жыццёвых патрэбах. Вось і ідуць у банкі за крэдытамі, тым больш, што адсоткавыя стаўкі апошнім часам значна зменшыліся.

РР: Для банкаўскай сістэмы ці ёсць тут рызыкі?

Леў Марголін: Тое, што запазычанасці па крэдытах працягваюць расці, гэта не вельмі добрая навіна, бо не ўсе вяртаюць крэдыты. Банкі выдаюць крэдыты і разлічваюць, што грошы будуць вернуты. Але калі аб’ём крэдытаў, якія не вярнулі, перавышае крытычную рысу, то гэта становіцца небяспечным для банка. Калі ж такая сітуацыя атрымліваецца не з адным банкам, а з многімі, то гэта ўжо становіцца праблемай для ўсёй фінансавай сістэмы краіны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя