Чаму беларусы пазбаўляюцца ад валюты?
Эканаміст Леў Марголін тлумачыць, чаму беларусы ў красавіку здалі рэкордны аб’ём валюты.
Трэці месяц запар беларусы нясуць у абменнікі больш валюты, чым купляюць. Так, паводле дадзеных Нацбанка, у красавіку беларусы прадалі наяўнай валюты на 269,9 млн долараў больш, чым купілі. У сакавіку гэты паказчык склаў 243,8 мільёна.
За чатыры месяцы гэтага года беларусы абмянялі на рублі 2 млрд 337 мільёнаў валюты, гэта значыць кожны беларус, улічваючы дзяцей, здаў 240 долараў. Купіла насельніцтва валюты менш – 1 млрд 806 мільёнаў са студзеня па май.
Леў Марголін: Сітуацыя выклікана збядненнем людзей. Заробкі нізкія, некаторыя наогул не могуць знайсці працу. Таму народ і вымушаны даставаць “залаты запас” ды абменьваць валюту, пакуль яна яшчэ ёсць. Іншая справа, што людзі будуць рабіць, калі запас скончыцца?
РР: Адным словам, валютны ажыятаж у насельніцтва скончыўся?
Леў Марголін: Так, але ў нармальных умовах ніколі і няма ажыятажу. Каму трэба набыць валюту – свабодна набывае, хто хоча здаць – здае. Ажыятаж атрымліваецца тады, калі ёсць нейкія абмежаванні ці ненармальная сітуацыя. Гэта, як у краме. Тавар альбо ёсць, альбо яго няма.
РР: У апошні час беларускі рубель выглядае стабільным, але ці захоўваюцца ў людзей дэвальвацыйныя чаканні?
Леў Марголін: Яны заўсёды ёсць. Хоць сёння, можа быць, і не надта моцныя. Але ў падсвядомасці людзей слова “дэвальвацыя” засела ўсур’ёз і надоўга. Народ навучаны горкім вопытам, калі ўрад у любы момант можа абясцэніць рублёвыя зберажэнні. Тым не менш, пакуль мы бачым, што грошы ў эканоміку не ўкідваюцца, таму на сёння дэвальвацыі чакаць не даводзіцца.
РР: Раней у планах улады было зрабіць сярэдні заробак у краіне ў межах тысячы даляраў, але планы засталіся марамі. Чаму не ўдалося дасягнуць гэтай мяжы?
Леў Марголін: Усе разумныя людзі і так добра ведалі, што гэтага не ўдасца дасягнуць, бо беларуская эканоміка не можа такое пацягнуць. Плаціць людзям можна столькі, колькі вытрымлівае эканоміка. Калі плаціць больш, то чакайце вялікую інфляцыю, а значыцца раз-пораз і дэвальвацыю. У Беларусі эканоміка ў цяперашнім стане не вытрымлівае сярэдні заробак болей чым 300-400 даляраў. Таму казаць пра іншыя планы можна толькі тады, калі пачнуцца нейкія рэальныя сістэмныя рэформы. Але пакуль гэтага няма.
РР: Магчыма, у год выбараў насельніцтву ўсё ж-такі падымуць заробкі?
Леў Марголін: Гэта немагчыма. Могуць трохі падкінуць бюджэтнікам, але гэта невялікая частка, таму можа і на гэта не пойдуць, каб не крыўдзіць іншых.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя