Чаму беларусы забіраюць свае валютныя зберажэнні?
«Сёння ўкладчыкі не бачаць вялікага сэнсу захоўваць валюту на дэпазітах», — кажа эканаміст Барыс Жаліба.
Эксперты адзначаюць, што, нягледзячы на ўмацаванне беларускага рубля ў адносінах да даляра і спынення зніжэння ставак па ўкладах, насельніцтва Беларусі забірае свае валютныя зберажэнні з банкаў, і гэты працэс можа працягнуцца.
Барыс Жаліба: Трэба сказаць, што валюту народ пачаў забіраць яшчэ, пачынаючы з мінулага году. Чаму забіраюць? Па-першае, па новых правілах, каб мець больш-менш прыстойны адсотак па дэпазітах, трэба змяшчаць грошы не менш чым на 2 гады. Тады дзяржава не будзе браць падатак з вашых адсоткаў. Ды і то прыбытак не вельмі вялікі – каля 4 адсоткаў гадавых. Да таго ж, уклады падзяліліся на тыя, што можна адклікаць і якія нельга. Калі два гады не можаш зняць грошы з дэпазіта, то адсотак будзе крыху большы. Але ўяўляеце, што азначае ў наш неспакойны час змясціць свае грошы ў банк аж на 2 гады? Увесь гэты тэрмін вашыя сродкі нельга будзе забраць. А раптам валюта вам тэрмінова спатрэбіцца? Усё гэта ў цэлым не задавальняе большасць патэнцыйных укладчыкаў. Таму рашэнне прыцягнуць у банкі «доўгія» грошы мае два бакі.
РР: Што робяць людзі з той валютай, якую забіраюць у банках?
— А вось гэта другая прычына, па якой яны забіраюць валюту. Справа ў тым, што ў народа проста няма грошай. І тыя зберажэнні, якія ў іх захоўваліся, зараз ідуць на ўласныя патрэбы насельніцтва. Людзі здаюць валюту ў «абменнікі», бо не стае рублёў на жыццё.
РР: Для банкаўскай сістэмы такая сітуацыя, напэўна, не пажаданая?
— Не пажаданая, але і не катастрафічная, таму што валютныя дэпазіты змяншаюцца ў невялікіх адсотках. Але ж банкі, натуральна, не вельмі задаволены, што ад іх сыходзяць рэсурсы — як рублёвыя, так і валютныя. На іх банкі зарабляюць сабе прыбытак.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя