Чаму “буксуе” дрэваапрацоўка?
Эканаміст Леў Марголін тлумачыць, чаму ніяк не можа “расцвісці” беларуская дрэваапрацоўка.
Лукашэнка ў чарговы раз зладзіў разнос за правалы мадэрнізацыі дрэваапрацоўчай галіны.
«Спадзяюся, на гэтым узроўні такая размова апошняя, — сказаў кіраўнік Беларусі. — Мы ўклалі немалыя сродкі. І які вынік? І што будзем рабіць далей?»
Разносы на гэтую тэму сталі ўжо традыцыйнымі і гучаць кожны год. Праўда, лепей ад гэтага дрэваапрацоўцы не становіцца – мадэрнізацыі, як не было, так і няма. Чаму словы гучаць, а воз застаецца на месцы?
Леў Марголін: Дрэваапрацоўка – гэта вельмі паказальная для нашай краіны галіна. У нас ёсць свае рэсурсы, ёсць больш чым стогадовы досвед, ёсць свае пакупнікі, якія спажываюць гэтую прадукцыю. Абсталяванне для гэтай галіны таксама можна было купіць самае лепшае. Адным словам, ва ўлады была задумка зрабіць з усяго гэтага “цукерку”. На першы погляд – цвярозы разлік. Маўляў, правядзём мадэрнізацыю і наогул будзем абыходзіцца без імпарту ды яшчэ і на экспарт паставім. Але нават у гэтых умовах нічога не атрымалася. І Лукашэнка зараз у чарговы раз канстатаваў – мадэрнізацыя правалілася, а ўкладзеныя грошы не даюць аддачы.
РР: Галоўнае пытанне: чаму?
Леў Марголін: Таму што той мільярд еўра, які накіравалі на мадэрнізацыю дрэваапрацоўкі, магчыма, быў раскрадзены. Акрамя таго, гэтай прыбытковай справай заняліся беларускія чыноўнікі. Нешта падлічылі, нешта забыліся… Гэта не тое, што ёсць уласнік, які кожную капейку лічыць.
РР: Актывы праблемных прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі вырашана перадаць Банку развіцця. Гэта выратуе сітуацыю?
Леў Марголін: Яны могуць змяніць сістэму кіравання. Будуць стварацца назіральныя саветы, прыцягнуць незалежных дырэктараў… Але ж няма вялікай розніцы, хто будзе кіраваць гэтым прадпрыемствам – міністэрства ці нехта з гэтага ведамства ўвойдзе ў склад назіральнага савету. Гэта не вельмі падвысіць якасць работы.
РР: Развіццём дрэваапрацоўкі павінен займацца ўласнік?
Леў Марголін: Я не хачу сказаць, што на прыватных прадпрыемствах мадэрнізацыя заўсёды паспяховая. Яна таксама можа быць няўдалай. Але ў такім выпадку дзяржава ад гэтага нічога не губляе. Губляе ўласнік, калі ён недзе пралічыўся. Але гэты чалавек сто разоў адмерае, а адзін адрэжа. Сто раз пералічыць свае ўласныя грошы і будзе сачыць, каб яны не раскрадаліся. Усяго гэтага няма на дзяржаўных прадпрыемствах. Там чынавенства кіруе народнымі грашыма па прынцыпе “згубілі дык згубілі”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя