Чаму гомельскі выканкам павышае тарыфы на ЖКГ?



Паводле рашэння Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта, усталяваныя новыя тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі. Згодна з новымі расцэнкамі, амаль у чатыры разы падаражалі паслугі каналізацыі. Цэны за электраэнергію і газазабеспячэнне выраслі на 20%. Дзяржаўныя чыноўнікі тлумачаць рост цэнаў паступовым пераходам на 100%-ую аплату камунальных паслугаў.

Каардынатар экспертнай супольнасці „Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч звяртае ўвагу на непразрысты характар цэнаўтварэння ў сферы ЖКГ:

– Наколькі я маю інфармацыю па асобных ЖКГ у розны час, у розныя гады субсідыі складалі прыкладна 30-40% ад усёй сумы паступленняў – гэта датычыць менавіта камунальных службаў. Калі казаць, напрыклад, пра энергію, то “Гомельэнерга” ды іншыя аналагічныя прадпрыемствы, яны супер-прыбытковыя агулам. Таму не зусім зразумела, навошта яшчэ павышэнне тарыфаў?

Ужо ў траўні беларускі ўрад плануе адмовіцца ад механізма скрыжаванага субсідыявання тарыфаў, у выніку чаго цэны на камунальныя паслугі дасягнуць 100%. Для пераходу на новую схему аплаты камунальных паслугаў створаная міжведамасная група, якая з 1-га траўня павінна распрацаваць прапановы па налічэнні безнаяўных субсідый для частковай кампенсацыі платы за ЖКГ.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель