Чаму курс даляра і еўра імкліва рванулі ўверх?



Эканаміст Леў Марголін кажа, што дэвальвацыя паскорылася, бо сітуацыя для беларускіх прадпрыемстваў безвыходная.

На сёняшніх таргах на Беларускай валютна-фондавай біржы курс даляра вырас адразу на 770 рублёў і дасягнуў 11.800 рублёў, еўра рвануў на 940 рублёў да адзнакі 14.380. На тое, што адбылося за дзень, раней трэба было 7-8 месяцаў.

Дададзім, што гэта былі першыя таргі на біржы пасля абнаўлення кіраўніцтва Нацбанку. Магчыма, такая новая палітыка новага кіраўніцтва?

Леў Марголін: Я думаю, што імклівы рост даляра і еўра не залежыць ад таго, хто яго здзяйсняе. Мяркую, што гэта было прадугледжана зараней, бо яшчэ некалькі дзён таму былая старшыня Нацбанку Надзея Ермакова казала, што 30-працэнтны падатак на куплю валюты, магчыма, адменяць раней, чым 1 лютага. А што трэба, каб гэты падатак адмянялі раней? Неабходна хуткімі тэмпамі рабіць дэвальвацыю рубля і давесці афіцыйны курс да курса продажу з падаткам. Тады і падатак можна адмяняць. Такі вось фокус!

РР: Але ж высокія афіцыйныя асобы яшчэ дзесяць дзён таму заяўлялі: “Дэвальвацыі не будзе”.

Леў Марголін: Чалавек можа казаць што заўгодна, але правілы гульні дыктуе эканоміка. Афіцыйныя асобы – не чараўнікі. Калі яны яшчэ неяк вырашылі пытанне з наяўнай валютай у абменніках, прыдумаўшы падатак на яе продаж, то для прадпрыемстваў нічога зрабіць не змаглі. А рабіць нешта трэба, бо не могуць прадпрыемствы купляць валюту на 30 працэнтаў даражэй і не закладаць яе кошт у кошт прадукцыі. Тое, што мы сёння бачым на фінансавым рынку краіны, – вымушаная з’ява.

РР: Па неафіцыйнай інфармацыі, некаторыя прадпрыемствы нават хочуць спыніць працу, пакуль не высветліцца сітуацыя з валютай. Гэта рэальна?

Леў Марголін: Цалкам рэальна! Ніхто не будзе працаваць сабе ў страту. Можна, безумоўна, так папрацаваць месяц-два, але затым спыніцца назаўсёды. Можа і праўда лепш тыдзень-два перачакаць. Думаю, зараз курсы даляра і еўра будуць расці даволі хутка і да 15 студзеня (да гэтага часу забаронена падымаць кошты на тавары) ўсе пытанні будуць зняты.

РР: Фінансавыя эксперты мяркуюць, што курс даляра можа дасягнуць нават 20 тысяч рублёў.

Леў Марголін: Я б не называў канкрэтныя лічбы, але, думаю, рост курса не абмяжуецца 30 працэнтамі. На мой погляд, самы аптымальны варыянт, калі курс даляра ізноў дагоніць ці наблізіцца да тых суадносін да расейскага рубля, якія былі ў пачатку гэтага году. Бо ўсё ж-такі асноўны партнёр Беларусі – Расея. І губляць на экспарце нікому не хочацца.

РР: У Беларусі дэвальвацыі праходзяць адна за другой, але палёгка прыходзіць на час. Чаму так?

Леў Марголін: Таму што не праводзяцца рэформы. Як толькі адбываецца чарговая дэвальвацыя, прадпрыемствам становіцца крыху лягчэй, але ж глыбінных прычынаў крызіса ніхто не бачыць. І праз нейкі час усё вяртаецца на свае колы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя