Чаму Масква ўспомніла пра “справу растваральнікаў”?
Эканаміст Леў Марголін распавёў пра новыя акалічнасці беларуска-расейскага гандлёвага супрацьстаяння.
Зараз беларускі бок патрабуе ад Масквы кампенсацыю за “брудную” расейскую нафту, але ў той жа час Крэмль нанёс удар у адказ, нагадаўшы, што Беларусь мае запазычанасць за рэалізацыю схемы з “растваральнікамі”.
Пры гэтым канфліктная сітуацыя была аж у 2010−2012 гадах, калі расейскі бок абвінаваціў Беларусь у рээкспарце нафапрадуктаў пад выглядам “растваральнікаў”.
Леў Марголін: Мяркую, што тэма кампенсацыі за “брудную” нафту і канфлікт сямігадовай даўніны паміж сабой звязаны. Зараз жа для беларускіх уладаў стаіць задача не проста атрымаць кампенсацыю за нанесены расейскім бокам урон, але каб яна была яшчэ і прымальнай.
Магчыма, Масква зараз збівае кошты розным чынам, таму нагадвае афіцыйнаму Менску, што былі і іншыя часы, калі Расея заплюшчыла вочы на рэалізацыю схемы з “растваральнікамі”.
РР: Расея зараз можа зрабіць падлікі і запатрабаваць кампенсацыю за тыя схемы?
Леў Марголін: Толькі ў тым выпадку, калі будуць нейкія дамоўленасці на гэты конт, бо, натуральна, ні ў якой дамове не прадугледана, што кампенсацыю можна патрабаваць праз сем гадоў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя