Чаму множацца «Табакеркі»?
Палітык Віталь Рымашэўскі патлумачыў, чаму дзяржава дазваляе рэкламаваць тытунёвыя вырабы.
Сетка «Табакерка», дзе прадаюцца цыгарэты, ужо перайшла мяжу ў 2 тысячы шапікаў. У цэлым за кампаніяй «Энерга-Оіл» у рэестры налічваецца больш за 2,3 тыс. гандлёвых кропак. Толькі за снежань мінулага года з’явілася больш за 250 новых шапікаў «Табакерак».
Кампанія, якая мае права займацца гандлем тытунёвых вырабаў, звязана з бізнесменам Аляксеем Алексіным.
Віталь Рымашэўскі: Любая адказная дзяржава, якая турбуецца і пра здароўе людзей, і пра эканоміку, робіць усё магчымае, каб зменшыць даступнасць людзей да тытунёвых вырабаў. Нашы ўлады, на жаль, робяць усё наадварот. Найперш думаюць пра хуткі прыбытак – продаж цыгарэтаў і алкаголю. І чым гэта лепш за лёгкія наркотыкі? Толькі за лёгкія наркотыкі саджаюць у турму, а тут гэты бізнес узаконены на дзяржаўным узроўні і падтрымліваецца дзяржавай.
Таму, безумоўна, гэтаму патрэбна супрацьдзейнічаць і рабіць усё магчымае, каб прыводзіць жыццё людзей у Беларусі да нармальных еўрапейскіх стандартаў.
РР: Якую пазіцыю ў гэтай сітуацыі займае Міністэрства аховы здароўя?
Віталь Рымашэўскі: Пазіцыя гэтага ведамства якраз-такі на пазіцыі розуму, бо наўпрост сутыкаюцца з тым, што адбываецца. Яны ведаюць сітуацыю і бачаць, колькі людзей памірае і колькі дзяржава траціць на іх лекаванне.
Я б параіў нашым высокім чыноўнікам схадзіць на экскурсію ў анкалагічнае аддзяленне, дзе ляжаць людзі з анкалогіяй лёгкіх. Многія якраз і патрапілі туды з-за таго, што палілі. Дзяржава траціць на лекаванне велізарныя грошы. У рэшце рэшт, трэба мець розум і шкадаванне да ўласнага народу і да людзей, якія з падлеткавага ўзросту бачаць ля школы шапікі «Табакерка» (а такія факты ёсць) і прызвычайваюцца да тытуню. Дык каму патрэбна такая рэклама?
Міністэрства аховы здароўя ўсё разумее, але, на жаль, мае ў краіне такія ж бутафорскія паўнамоцтвы, як і так званая Палата прадстаўнікоў. Усё вырашаецца выканаўчай уладай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя