Чаму МВФ можа даць грошы Беларусі?
Эканаміст Леў Марголін распавядае пра абяцанкі беларускіх уладаў Міжнароднаму валютнаму фонду і магчымы крэдыт.
Падчас перамоваў з віцэ-прэзідэнтам МВФ Сірылам Мюлерам кіраўнік Беларусі заявіў, што ўлады гатовы да дыялогу.
«Я хацеў бы, каб вы мне сказалі, дзе нашы недахопы, і мы абавязкова выправім сітуацыю», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Леў Марголін: Такія заявы — не больш чым гульні, бо на тыя памылкі, якія ўладам трэба выправіць, Міжнародны валютны фонд указвае ўжо каля дзесяці гадоў — з таго самага часу, калі быў атрыманы першы крэдыт МВФ. І ніхто не стараецца гэтыя памылкі выпраўляць. Таму на словах абяцаць можна ўсё што заўгодна. Гэта не больш, чым простая форма ветлівасці.
РР: Але ці ўдасца атрымаць крэдыт Міжнароднага валютнага фонду?
Леў Марголін: Тут ёсць розныя меркаванні. Калі зыходзіць з эканамічнага боку, то тут не вельмі шмат шанцаў. Але ёсць жа і палітычныя чыннікі. У тым жа фондзе добра ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі, ведаюць, што Масква цяпер не хоча моцна раскашэльвацца на дапамогу «братам-беларусам», а таму Крэмль у абмен на грошы можа запатрабаваць ад афіцыйнага Менска нешта такое, што не вельмі спадабаецца Захаду. І ў гэтым выпадку палітычныя складнікі могуць стаць больш важкімі, чым эканамічныя, а значыцца і крэдыт МВФ на нейкую суму краіна можа атрымаць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя