Чаму МВФ не верыць беларускай справаздачнасці?



“Беларуская справаздачнасць вельмі моцна адрозніваецца ад стандартаў краін з рынкавай эканомікай”, – кажа эканаміст Леў Марголін.

Леў Марголін

Міжнародны валютны фонд сумняваецца ў дакладнасці фінансавай справаздачнасці беларускіх прадпрыемстваў. МВФ  лічыць , што статыстычныя звесткі дзяржаўных арганізацый не ў поўным аб’ёме адлюстроўваюць іх фінансавы стан і таму рэкамендуе, каб бухгалтарскія балансы ўсіх дзяржпрадпрыемстваў рыхтаваліся па міжнародных нормах.

Леў Марголін: Міжнародны валютны фонд правільна сумняваецца. Па-першае, беларуская справаздачнасць вельмі моцна адрозніваецца ад стандартаў краін з рынкавай эканомікай. Ёсць міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці, якую ў нас выкарыстоўваюць толькі сумесныя прадпрыемствы і банкі, якія пазычаюць грошы на сусветным рынку. І нават яны робяць гэта паралельна з іншай справаздачай. Па-другое, у нас вельмі часта робяцца выключэнні з айчынных стандартаў, на якія звярнуў увагу МВФ. Скажам, калі дазволіць прадпрыемствам не налічваць амартызацыныя налічэнні, то скажаецца карціна сабекошту прадукцыі. Аб’ём прыбытку павялічваецца, хаця на самай справе гэта не так, бо ўсё роўна асноўныя фонды зношваюцца. І нават тады, калі гэтыя налічэнні не робяцца.

 РР: Ці ўдасца “перавыхаваць” дзяржаўныя прадпрыемствы?

Леў Марголін: Тут гаворка ідзе не пра перавыхоўванне. Прапановы МВФ якраз і павінны зрабіць сітуацыю ў эканоміцы краіны празрыстай для донараў, інвестараў і саміх гаспадароў гэтых асноўных фондаў. Беларускія прадпрыемствы павінны зняць покрыў непразрыстасці. А далей невядома, ці будзе ім дзяржава працягваць аказваць дапамогу. Бо тут яшчэ існуе такі момант, што, калі робяцца нейкія выключэнні з агульных правілаў, то і самі кіруючыя органы таксама не бачаць рэальнай сітуацыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя