Чаму на беларускім рынку працы рэзка ўзрасла канкурэнцыя?



Старшыня Беларускага кангрэса незалежных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук прагназуе, што колькасць беспрацоўных у Беларусі будзе павялічвацца.

Канкурэнцыя на беларускім рынку працы імкліва ўзрастае — такая тэндэнцыя з’явілася ў мінулым годзе і развіваецца летась. На фоне скарачэння колькасці вакансій рэзка павялічваецца колькасць прэтэндэнтаў. Пра гэта паведаміла дырэктар праекта rabota.tut.by Святлана Шапорава на паседжанні круглага стала “Гармонія чаканняў супрацоўнікаў і кіравання персаналам у часе зменаў: тэндэнцыі і задачы”.

Як паказвае аналіз размешчаных на сайце паведамленняў, сёлета ў лютым агульная колькасць вакансій знізілася на траціну ў параўнанні ў лютым мінулага года.

Пры гэтым попыт на вакансіі расце: сёлета ў лютым на адну вакансію ў сярэднім прыпадала 15,6 рэзюмэ, а год там прапорцыя была іншай — 6-7 анкет на адну вакансію, паведамляе БелаПАН.

Аляксандр Ярашук: Рост канкурэнцыі на рынку працы – гэта непазбежнасць, калі мець на ўвазе, што апошнім часам адбыўся вялікі выкід працоўнай сілы на рынак. Мы ведаем, што буйныя неэфектыўныя дзяржаўныя прадпрыемствы кшталту МТЗ і МАЗ ствараюць такія перадумовы, што людзі лічаць за лепшае звольніцца і шукаць нешта новае. Сем’і ж карміць трэба. Натуральна, усё гэта стварае ціск на працоўны рынак, на вакансіі. Акрамя таго, на сітуацыю паўплывала і абмеркаванне закона аб змаганні з дармаедамі, які збіраюцца прыняць у бліжэйшы час. Беспрацоўныя палічылі за лепшае прыйсці і зарэгістравацца ў службах занятасці, а значыць яны таксама нейкім чынам удзельнічаюць у конкурсах на вызваленыя пасады.

РР: Працэс толькі пачынаецца ці ўжо дасягнуў вяршыні?

Аляксандр Ярашук: На мой погляд, толькі пачынаецца. І, калі на некаторыя вакансіі на спецыялізаваных сайтах прэтэндуюць па 50 чалавек, то адсюль вынікае, што дзяржава не гатова вырашаць праблему занятасці ў той час, калі ідзе такое буйное вызваленне працоўнай сілы. Хоць агульнавядома, што праз такі этап праходзілі ўсе краіны рэгіёна Усходняй і Цэнтральнай Еўропы. Але праблема ў тым, што павінна быць адмысловая праграма ўраду па занятасці насельніцтва. Відавочна, што працэс вызвалення працоўных месцаў будзе працягвацца. Сёння мы кажам пра буйныя прадпрыемствы, але ж не менш праблемаў і ў рэгіёнах, малых гарадах. Крызіс у Расеі і беларускай эканоміцы робяць сваю справу. Многія айчынныя прадпрыемствы становяцца банкрутамі і зараз патрабуюцца тыя дзеянні, якія прымалі ўсе без выключэння дзяржавы ў нашым рэгіёне па стварэнні новых працоўных месцаў. І тут нічога новага прыдумваць не варта – гэта лібералізацыя эканомікі, стварэнне ўмоваў для развіцця малога і сярэдняга бізнесу. Але замест таго, каб адкрууціць гайкі, улада наадварот іх закручвае. І гэта вельмі прыкра.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя