Чаму Нацбанк занепакоіўся купляй тавараў у растэрміноўку?



Былы старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч пракаментаваў ініцыятыву Нацбанка па змене ўмоваў продажу тавараў у растэрміноўку.

Нагадаем, што Нацыянальны банк абмежаваў ўзнагароджванне, якое банкам выплачвалі арганізацыі гандлю. Калі раней сумы такога ўзнагароджвання даходзілі да 30 адсоткаў ад кошту тавара, то да 8 лютага іх рэкамендавана зніць да 4 адсоткаў.

Таму, калі раней для пакупнікоў растэрміноўка была без адсоткаў, то зараз трэба будзе за такую паслугу плаціць.

Станіслаў Багданкевіч: На такі крок Нацыянальны банк пайшоў, відаць, каб абмежаваць крэдытаванне насельніцтву. Напэўна, баіцца праблем, якія могуць пачацца ў грашовай сістэме з-за таго, што склалася такая сітуацыя: вытворчасць працы не расце, а грашовая маса павялічваецца. Маю на ўвазе, што з дапамогай гэтых грашовых аперацый па растэрміноўцы павялічваецца плацёжная здольнасць насельніцтва.

А ўвогуле, складана меркаваць, наколькі правільна тут дзейнічае Нацбанк. Трэба ведаць унутраную кухню. Адно можна сказаць – гэта звязана з той стагнацыяй, што мае месца ў нашай эканоміцы, калі не расце аб’ём прадукцыі, а грашовая маса павялічваецца. Гэта патэнцыйна можа прывесці да росту інфляцыі і праблем з валютным курсам. Узнікае рызыка дэвальвацыі рубля.

РР: Купля тавараў у растэрміноўку была папулярнай у насельніцтва…

Станіслаў Багданкевіч: Так, бо для многіх даволі складана знайсці вялікую суму грошай на пакупку нейкага дарагога тавара. Растэрміноўка давала магчымасць расцягнуць выплаты нават на некалькі гадоў.

Але гэта было штучнае падтрыманне тавараабароту і плацежаздольнага попыта. А патрэбна, каб гэты попыт вызначаўся ростам рэальных прыбыткаў на базе росту вытворчасці. Росту вытворчасці няма, а па статыстыцы як быццам рэальныя прыбыткі ёсць. У такіх выпадках павялічваецца рызыка нестабільнасці.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя