Чаму Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання?



Былы старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што з боку ўладаў “гэта – няправільны крок”.

Станіслаў Багданкевіч

Нацбанк 1 красавіка знізіць стаўку рэфінансавання да 24% гадавых.

«Дзейнічаючы ў рамках задачы па зніжэнні памеру рызыка-прэміі ў кошце крэдытаў і з улікам аналізу наяўных рызык», праўленне Нацыянальнага банка Беларусі прыняло рашэнне аб зніжэнні 1 красавіка памеру стаўкі рэфінансавання на 1 працэнтны пункт да 24% гадавых. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на ўпраўленне інфармацыі галоўнага банка краіны.

Стаўка рэфінансавання заставалася ў Беларусі нязменнай больш за год.

Станіслаў Багданкевіч: На Украіне стаўка рэфінансавання 22 адсоткі, а ў нас – 25, хоць у Беларусі няма вайны. Зніжэнне стаўкі звычайна адбываецца, калі зніжаецца інфляцыя і стабілізуецца валюта. Але ў нас інфляцыя толькі за два месяцы склала каля 5 адсоткаў, гэта надзвычай высокія тэмпы. Таму я лічу, што гэты крок фінансавых уладаў не суадносіцца з паняццем аб жортскай манетарнай палітыцы. Ён накіраваны больш на зніжэнне адсоткаў па крэдытах для бізнеса і прадпрыемстваў. Гэта падобна на штучную спробу прадаставіць больш танныя грошы вытворчасці. Магчыма, зніжэнне стаўкі рэфінсавання не паўплывае на інфляцыю, але можа аказаць уплыў на актывізацыю ў эканоміцы.

РР: Ці знізяцца ў банках стаўкі па дэпазітах пасля зніжэння стаўкі рэфінансавання?

Станіслаў Багданкевіч: Справа ў тым, што наша стаўка рэфінансавання ў пэўным сэнсе віртуальная і жорстка не прывязана ні да ставак па дэпазітах, ні да ставак па крэдытах. Таму, магчыма, у гэтым плане нічога не зменіцца.

Кастусь Заблоцкі, Бедарускае Радыё Рацыя