Чаму Нацбанк знізіў норму абавязковага продажу валютнай выручкі?



“Рашэнне Нацбанка – крок у правільным накірунку”, – лічыць эканаміст Леў Марголін. Нацыянальны банк Беларусі знізіў норму абавязковага продажу валютнай выручкі для прадпрыемстваў. Дагэтуль яна складала 40%, цяпер — 30%. Адпаведную пастанову Нацбанк прыняў 13 красавіка.

Мяркуецца, што зніжэнне на 10% нормы абавязковага продажу валютнай выручкі будзе стымуляваць айчынныя прадпрыемствы да скарачэння знешняй дэбіторскай запазычанасці (а яна складае трыльёны рублёў). Таксама гэты крок мусіць палепшыць іх фінансавы стан.

Леў Марголін: Можна сказаць, што гэты крок Нацбанка – у правільным накірунку, бо ў нармальнай рынкавай эканоміцы ніякага абавязковага продажу валютнай выручкі быць не павінна. Гэта павінна быць цалкам рыначная з’ява, а рынку ў сваёй аснове неабходна самарэгулявацца. Хочаш захоўвай грошы ў валюце – захоўвай. Хочаш прадаць яе і набыць рублі – таксама не павінна забараняцца. Калі няма абавязковага продажу валюты – гэта азначае, што сітуацыя на валютным і фінансавым рынку цалкам нармалёвая.

РР: Ці паўплывае гэтая пастанова Нацбанка на сітуацыю на валютным рынку?

Леў Марголін: Я думаю, што нейкіх вялікіх зменаў яна не прынясе. Больш таго – гэта зроблена таму, што сітуацыя на валютным рынку дастаткова кантралюемая, і фінансавыя ўлады не баяцца, што нехта пачне выкарыстоўваць такі крок для ўласных патрэбаў.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя