Чаму не аб’ядналіся МАЗ і КамАЗ?
Эканаміст Леў Марголін распавядае пра тое, як планы па стварэнні беларуска-расейскага холдынга пераўтварыліся ў пыл.
Міністр прамысловасці і гандлю Расеі Дзяніс Мантураў заявіў у інтэрв’ю праграме «Контуры» тэлеканала АНТ, што перамовы паміж МАЗам і КамАЗам ужо не актуальныя.
Нагадаем, доўгі час гаворка ішла пра планы па стварэнні холдынгу з удзелам беларускай і расейскай кампаній. Нават называлася прыкладная дата яго стварэння — першая палова 2014 года.
Паводле слоў Мантурава, новая сітуацыя склалася з-за таго, што «зацягнуўся трохі працэс». «Вядома, я выдатна разумею кіраўніцтва Беларусі, якому хацелася максімальна эфектыўнага рашэння. Але ўжо «Даймлер» увайшоў у акцыянеры КамАЗа. Тут рэалізуюцца новыя праекты», — заявіў расейскі міністр.
Леў Марголін: Усё добра рабіць у час. А зараз і МАЗ, і КамАЗ знаходзяцца ў такім стане, што яны, нават аб’яднаўшыся, наўрад ці змаглі б заваяваць нейкія адметныя пазіцыі ў свеце. Лепш ужо шукаць партнёраў на Захадзе. Тых, хто можа даць сучасныя тэхналогіі, праекты і свае рынкі збыту, бо на расейскім рынку цесна нават аднаму КамАЗу. Таму, на мой погляд, расейскаму боку і не цікавы беларускі МАЗ. Ды і грошай у расейцаў няма на інвестыцыі, хоць аб’яднанне было задумана менавіта пад інвестыцыі. У Беларусі меркавалі, што расейскі партнёр укладзе ў праект вялікія грошы, і гэта будзе сумеснае прадпрыемства міжнародных стандартаў.
РР: Зараз расейскай эканоміцы цікавы нейкія беларускія прадпрыемствы?
Леў Марголін: Мяркую, у першую чаргу тыя, якія завязаны на ваенна-прамысловы комплекс. І нават у гэтым выпадку тут больш прысутнічае не эканамічны, а ваенна-прагматычны інтарэс.
РР: Калі б у свой час МАЗ і КамАЗ усё-такі стварылі сумесны холдынг, ці лягчэй было б выжываць МАЗу сёння, калі назіраецца крызіс?
Леў Марголін: Думаю, лягчэй, бо гэта было б не проста аб’яднанне двух жабракоў. Была б нейкая спецыялізацыя, нешта засталося б у Менску, а нешта пераехала ў Наберажныя Чалны… У сёняшніх умовах такія гіганты машынабудавання самі па сабе нежыццяздольныя. Аб’яднанне пайшло б толькі на карысць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя