Чаму некаторыя імпарцёры знаходзяцца ў безвыходна-стратным становішчы?
Эканаміст Барыс Жаліба распавядае да чаго прывядзе стрымліванне росту коштаў, што адбудзецца пасля 15 студзеня, і якая інфляцыя мяркуецца ў наступным годзе.
Дэ-факта ў Беларусі адбылася 30-працэнтная дэвальвацыя беларускага рубля. Тым часам, Міністэрства гандлю ўвяло да 15 студзеня 2015 году мараторый на рост коштаў, а ў Камітэце дзяржкантролю нават створана рабочая група па кантролі за сітуцыяй на валютным і спажывецкім рынку.
Барыс Жаліба: Да 15 студзеня многім імпарцёрам трэба яшчэ выжыць, таму што ім даводзіцца набываць валюту на 30 працэнтаў даражэй, а абмежаванне росту коштаў можа зрабіць іх стратнымі. Таму некаторыя і хацелі часова закрыць свае магазіны, але мясцовыя ўлады не давалі гэта зрабіць. Імпарцёры зараз знаходзяцца, як б сказаў так, у безвыходна-стратным палажэнні. Але пасля таго, як мараторый закончыцца, кошты пойдуць уверх. Пры гэтым імпарцёры, натуральна, захочуць кампенсаваць свае страты, што адаб’еца на істотным росце коштаў.
РР: Інфляцыйныя працэсы могуць паскорыцца?
Барыс Жаліба: Так заўсёды адбываецца пасля дэвальвацыі, хоць улады гэтае слова і не называюць. Успомнім валютны крызіс 2011 году, калі пасля дэвальвацыі адбылося павелічэнне інфляцыі больш чым на 100 працэнтаў за год. Таму перспектывы не вельмі радасныя.
РР: Навошта штучна стрымліваць рост коштаў?
Барыс Жаліба: Гэта, як мне падаецца, папулісцкая акцыя перад Новым годам. Але ж умовы павінен дыктаваць рынак, гандаль павінен браць сваё, калі інтэнсіўнасць пакупак падвышаецца. Гэта ж вядомыя рэчы. А рэгуляванне коштаў штучным шляхам на фоне таго, што адбываецца на валютным рынку, проста заганяе імпарцёраў у страты.
РР: Ці не маглі б улады пацярпець да Новага году з увядзеннем 30-працэнтнага падатку на куплю валюты?
Барыс Жаліба: Думаю, наогул трэба было не так рабіць. Можна было б проста паскорыць дэвальвацыю беларускага рубля і дэвальваваць яго не на 10 рублёў у дзень, а, скажам, на 20-30. І народ бы паступова звыкнуўся з гэтым, і не трэба было б ніякіх падаткаў уводзіць. Усё трэба рабіць натуральным чынам па законах макраэканомікі.
РР: Якую вы прагназуеце інфляцыю ў наступным годзе?
Барыс Жаліба: Напэўна, не менш за 20-25 працэнтаў. А то і больш.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя