Чаму нясуць страты беларускія прадпрыемствы-гіганты?
Экс-кіраўнік завода “Амкадор” Васіль Шлындзікаў распавёў, чаму Мінскі аўтамабільны завод сёння знаходзіцца ў гаротным стане.
У 2018 годзе чыстыя страты МАЗа склалі 80,4 млн. рублёў, што на 94,2 адсоткі больш стратаў 2017 года. А ўвогуле прамысловы гігант нясе страты з 2014 года.
Васіль Шлындзікаў: Адна з галоўных прычын таго, што буйныя беларускія прадпрыемствы неэфектыўныя, заключаецца ў тым, што яны нерэфармаваныя. МАЗ – стары савецкі завод з такой жа старой сістэмай кіравання. Прадпрыемства робіць усё – машыны, камплектуючыя, а таму і страты. Напрыклад, на Захадзе такія прадпрыемствы, як МАЗ, выконваюць ролю зборачных цэхаў, куды камплектуючыя паступаюць з іншых фірмаў па ўсяму свету. Купляюць лепшае і найбольш таннае, таму і на плыву. Я ў свой час бачыў у ЗША такое прадпрыемства. Стаіць пасярод поля завод, які займаецца толькі зборкай, а ўсё астатняе купляюць.
РР: Выхад для таго ж МАЗа ёсць?
Васіль Шлындзікаў: Трэба прыводзіць нашыя прадпрыемства да структуры працы западных фірм і такому ж самаму кіраванню. А калі ўсё пакінуць так, як зараз ёсць, то лёс беларускіх гігантаў прамысловасці незайздросны.
Увогуле, усе нашы прадпрыемства настолькі абклалі рознымі інструкцыямі, што любая памылка менеджмента можа пагражаць турмой. Адсюль няма ініцыятывы, бо яна часам караецца, адсюль і стагнацыя, і ўсе астатнія наступствы. Таму трэба зусім іншая прамысловая палітыка, іншыя адносіны да эканомікі і зусім іншая эканамічная сістэма ў краіне.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя