Чаму “Перспектыва” просіць дапамогі
Старшыня РГА “Перспектыва” Анатоль Шумчанка патлумачыў, чаму ён звярнуўся да прадпрымальнікаў з просьбай падтрымаць арганізацыя фінансава.
На сваёй старонцы ў Фэйсбук Анатоль Шумчанка распавёў, што 21 кастрычніка стартаваў збор сродкаў для “Перспектывы”, прадпрымальнікі могуць ахвяраваць хто колькі можа.
“На рахунку арганізацыі грошай на кастрычнік, а далей аплочваць бягучыя выдаткі няма чым, – паведаміў лідар “Перспектывы”. – Значыцца, праца арганізацыі будзе прыпынена. Спадзяемся, што да гэтага не дойдзе. Зараз патрэбна сабраць на наступныя паўгода як мінімум 12 тысяч рублёў”.
Анатоль Шумчанка: Арганізацыя павінна жыць, і людзі павінны разумець, што сёння ў нас за ўсё трэба плаціць. “Перспектыва” абараняе прадпрымальнікаў, але хацелася б, каб і самі прадпрымальнікі былі датычныя да гэтага працэса. Калі вы хочаце палепшыць жыццё і працу да лепшага, то прымайце ў гэтым удзел. На жаль, у нашым грамадстве многія прызвычаіліся, што твае праблемы павінен вырашыць не ты сам, а нехта іншы.
І атрымліваецца крыху незвычайная сітуацыя. Прадпрымальнікі плацяць падаткі і іншыя паборы, якія ад іх патрабуюць, але не заўсёды хочуць падтрымаць саміх сябе.
РР: Колькі сёння ў Беларусі прадпрымальнікаў?
Анатоль Шумчанка: Іпэшнікаў рознічнага гандлю, якіх мы баронім, зараз каля 55 тысяч чалавек. Мінулым разам дапамаглі “Перспектыве” грашыма ўсяго каля 700 чалавек.
Хаця ніхто не спрачаецца, што “Перспектыва” – вядучая арганізацыя ў прадпрымальніцкім руху, якая дэманструе канкрэтныя вынікі. Дык няўжо шкада выдаткаваць на працу арганізацыі, якая вас абараняе, хаця б па даляру? Колькі б атрымалася! Але ж няма гэтага. Што ўжо тады казаць пра арганізацыю нейкіх масавых акцый, каб заявіць пра сябе і свае праблемы.
Некаторыя кажуць: вы спачатку для нас нешта зрабіце, а мы затым вас падтрымаем. Дык паглядзіце, колькі “Перспектыва” за 20 год ужо зрабіла! Атрымліваецца, што замеcт таго, каб аб’яднацца і разам змагацца за свае правы, мы сядзім кожны ў сваім кутку і плачам пра сваю горкую долю. Дык дрэнна, што самі нічога не хочам рабіць. Не трэба затым скардзіцца.
На Захадзе арганізацыі, якія лабіруюць законы, інтарэсы фірмаў ці нейкіх аб’яднанняў, – яны мультымільянеры. “Перспектыва” пралабіравала мноства заканадаўчых актаў, якія бароняць інтарэсы прадпрымальнікаў, а ў выніку сёння мы ходзім з шапкай і просім грошай хаця на падтрымку штаноў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя