Чаму прадпрымальнікі выходзяць на працу?



Сябра рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Перспектыва”, каардынатар па Гарадзенскай вобласці Віктар Марчык распавядае пра тое, чаму ІП-шнікі ўсё ж такі вырашылі выходзіць на працоўныя месцы.

Віктар Марчык: Мяркую, адсоткаў 50 прадпрымальнікаў у апошні час выйшлі на працу. Выйшлі не таму, што іх ужо ўсё задавальняе, а жыць людзям за нешта трэба. Таму што заявы пра тое, што прадпрымальнікі сядзяць на мяхах з грашыма – гэта проста міф. Можа быць, у 10-12 адсоткаў прадпрымальнікаў ёсць яшчэ нейкая падушка бяспекі. Гэта тыя, хто працуе вельмі даўно і назбіраў невялікі капітал. Астатнія не маюць практычна нічога, а сем’і ж нейкім чынам трэба карміць. Таму і выходзяць на рынкі на свой страх і рызыку ў спадзяванні на тое, што, пакуль чыноўнікі разбіраюцца ў сітуацыі, ІП штрафаваць не будуць. А за гэты час можна крыху зарабіць. Акрамя таго, на месцах ІП-эшнікі дамовіліся, калі пачнуцца рэпрэсіі, то людзі будуць абараняць адзін аднаго карпаратыўна. Адным словам, народ пастаўлены на мяжу выжывання, хаця праблема сур’ёзная.

РР: Зараз прадпрымальнікі маюць сертыфікаты на тавар?

Віктар Марчык: Дакументы ва ўсіх ёсць, але ў асноўным – расейскія. Тыя, хто працуе з беларускім таварам, зараз не ведаюць што рабіць, бо ён слаба прадаецца. Тавар дарагі, а таму неканкурэнтаздольны. Але, паўтаруся, асноўная маса ІП працуе на расейскіх дакументах, якія блакуюць беларускія падаткавікі. Хоць у Расеі гэтыя дакументы прызнаюцца. А ў нас атрымліваецца – зусім іншыя патрабаванні. Складваецца ўражанне, што, калі падаткавікі перастануць блакаваць вось гэтыя нашы прапановы, то яны згубяць рычагі ўплыву на прадпрымальнікаў. Адкуль яны тады штрафы ў бюджэт будуць браць? Каго будуць лавіць? А сёння стварылі такія законы, якія немагчыма выканаць, і падаткавікі могуць прыйсці на рынак і сабраць такую колькасць штрафаў, якая ім неабходна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота TUT.BY