Чаму працоўныя гінуць на прадпрыемствах?
Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў пра тое, наколькі сёння бяспечна працаваць на беларускіх прадпрыемствах.
Па звестках Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі Міністэрства працы, з-за няшчасных выпадкаў на прадпрыемстве ў студзені-чэрвені загінулі 53 рабочыя. Усяго ж на працоўным месцы за паўгода загінулі альбо памерлі 279 рабочых, хаця больш выпадкаў прызналі невытворчымі.
Аляксандр Ярашук: Нельга, безумоўна,не прымаць да ўвагі фактар віны саміх працоўных, якія нярэдка парушаюць правілы бяспекі працы, але праўда і тое, што гэтая праблема досыць вострая.
Асобныя фонды абсталявання, на якіх даводзіцца працаваць, састарэлыя. Не так даўно на хлебазаводзе ў Чавусах загінула жанчына, і па той інфармацыі, што маем зараз, можна меркаваць, што абсталяванне на прадпрыемстве было не ідэальнае. У дадатак закончыў жыццё самагубствам і чалавек, які павінен быў абслугоўваць гэтае абсталяванне, бо, відаць, на гэтага “стрэлачніка” хацелі зваліць усю віну.
Увогуле, бяспека працы – гэта сістэмная праблема, прадукт той палітыкі, якую праводзіць дзяржава. А аснове гэтай палітыкі – камандна-адміністрацыйная сістэма.
РР: Былі выпадкі, калі кіраўнікі прадпрыемстваў вымушаны былі прыхоўваць факты парушэння бяспекі працы?
Аляксандр Ярашук: Безумоўна. Прыхоўваюцца не толькі факты, але і рэальны стан сітуацыі на заводзе. І на самай справе бяспека працы – гэта не танная рэч. У гэта трэба пастаянна ўкладваць велізарныя сродкі, але ў нашай дзяржаўнай эканоміцы гэтых сродкаў няма. Калі ж інспекцыя працы будзе патрабаваць закрыць прадпрыемства з недасканалым і небяспечным асбсталяваннем, то і гэты інспектар, відаць, на сваёй працы больш не застанецца.
Таму так ці інакш, але прыходзім да высновы: пакуль не будзе сапраўднага гаспадара і сапраўднай зацікаўленасці, то да гэтага часу сітуацыя не зменіцца. Былі выпадкі, калі чалавек на вытворчасці атрымаў невялікую траўму, але кіраўніцтва прадпрыемства раіла прахаваць гэты факт і сказаць, што траўма атрымана дома. Чалавек прымаў гэтыя ўмовы, а праз некалькі год пачыналіся праблемы са здароўем. І прадпрыемства заставалася як бы ні пры чым.
Такія рэчы нельга ўявіць у цывілізаванай рынкавай эканоміцы, дзе ёсць гаспадар. Ён заплаціць велізарныя сродкі, калі паспрабуе займацца маніпуляцыямі, і яму лепш укласці сродкі ў бяспечную працу. Але мы жывем у іншай сістэме. Як жывем, так і працуем.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя