Чаму прэсуюць бізнес?
Бізнесмен і старшыня партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Сяргей Чэрачань выказаў сваю пазіцыю з нагоды ператрусаў у некаторых сталічных кампаніях.
Нагадаем, што 22 чэрвеня адразу ў дзве буйных кампаніі Беларусі прыйшлі сілавікі. У вядомую кампанію “Юркас” прыязджаў ДФР. Яны замкнулі ўсіх, хто быў у офісе, заклеілі камеры і забралі тэлефоны. Заснавальніка кампаніі Дзмітрыя Юркевіча павезлі.
У галаўны офіс онлайн-гіпермаркета 21vek.by прыходзілі супрацоўнікі КДБ. У офісе правялі ператрус, канфіскавалі дакументы. Заснавальнікі кампаніі былі затрыманыя.
Сяргей Чэрачань: Мы бачым, што зараз ідзе пастаяннае нагнятанне абстаноўкі, хаця нехта робіць добрую міну пры дрэннай гульні. Мне падаецца, што ў такой нестабільнай сітуацыі не варта ціснуць на бізнес у такой форме.
РР: На ваш погляд, з чым звязаны такі ціск?
Сяргей Чэрачань: Мне падаецца, што ўлады спрабуюць прывесці краіну ў стан да выбараў 2020 году, але робяць гэта па-свойму. Праз сілавыя наезды яны думаюць, што бяруць пад кантроль грамадства і ўсё тое, што адбываецца ў краіне. Але такім чынам, думаю, наадварот наклікаюць на сябе агонь дадатковай незадаволенасці. Гэта толькі больш дэстабілізуе абстаноўку ў краіне.
РР: Чаму гэтыя дзве кампаніі патрапілі пад рэпрэсіі?
Сяргей Чэрачань: Не выключаю, што супрацоўнікі ці кіраўнікі гэтых кампаній нейкім чынам маглі быць звязаны з пратэстам. Хаця, магчыма, памыляюся.
Увогуле, зараз для ўлады бізнес – свайго роду таксічная сістэма, таму на яго працягваюць ціснуць.
Беларускае Радыё Рацыя