Чаму сур’ёзны бізнес адносіцца з асцярогай да прапаноў дзяржавы?
Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў распавёў пра рызыкі для бізнеса пры атрыманні дзяржаўнай дапамогі.
У сталіцы камітэт эканомікі Менгарвыканкама распачаў прыём заявак ад суб’ектаў малога прадпрымальніцтва Менска для ўдзелу ў чарговым конкурсным адборы інвестпраектаў на права аказання ім дзяржаўнай фінансавай дапамогі ў выглядзе прадастаўлення субсідый для кампенсацыі часткі адсоткаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі.
Віктар Маргелаў: Магчыма, гэта будзе цікава для тых, хто толькі пачынае бізнес. А вось сур’ёзны бізнес да такіх рэчаў адносіцца з вялікай асцярогай.
РР: Бяплатны сыр бывае толькі ў пастцы?
Віктар Маргелаў: Сур’ёзны бізнес ведае, што вельмі складаная сістэма кантролю за выкарыстаннем сродкаў, што дае дзяржава. І пры гэтым маюцца вялікія рызыкі. У выпадку, калі нешта пойдзе не так, могуць адабараць не толькі тыя сродкі, што далі, але і нашмат больш. Я не кажу на сто адсоткаў, што так і ёсць, але такі вобраз, на жаль, маецца сярод прадстаўнікоў бізнеса.
РР: А як дзяржаве змяніць гэты негатыўны вобраз?
Віктар Маргелаў: У стратэгіі развіцця прадпрымальніцтва мы стараемся закласці новыя інструменты, але ж невядома, ці падтрымаюць іх дзяржаўныя органы. Я думаю, што тут патрэбна нам кансалідаваць агульныя высілкі ў тым плане, што павінны быць створаны аб’яднаўчыя структуры. Каб, напрыклад, рызыкі атрымання тых жа дзяржаўных сродкаў можна было нейкім чынам калектыўна мікшыраваць. І ў нас ёсць ідэі на гэты конт.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота ced.by