Чаму ў беларусаў забіраюць зямельныя ўчасткі ва Украіне?



У некалькіх абласцях Украіны ў грамадзян Беларусі канфіскоўваюць зямельныя ўчасткі. Частку гэтых зямель беларускія грамадзяне купілі самі, частка дасталася ім у спадчыну. Таксама зямельныя ўчасткі забіраюць і ў тых беларусаў, хто мае дазвол на сталае жыхарства ва Украіне. Шмат такіх рашэнняў цяпер прымаюць суды ў Чарнігаўскай, Хмяльніцкай, Кіеўскай, Сумскай, Херсонскай і Цярнопальскай абласцях.

З чым гэта звязана? Як высветліла Свабода, мясцовыя ўлады канфіскоўваюць у беларусаў толькі тыя землі, якія маюць сельскагаспадарчае прызначэнне. Гэта звязана з новай нормай Зямельнага кодэкса Украіны, які абавязвае іншаземцаў, што набылі права ўласнасці на сельскагаспадарчую зямлю шляхам куплі або атрымання спадчыны, цягам году добраахвотна яе адчужыць, бо заканадаўства забараняе валоданне сельгасзямлёй іншаземнымі грамадзянамі. Суды спыняюць права ўласнасці і канфіскуюць зямельныя ўчасткі і адначасова абавязваюць гэтых грамадзян сплаціць судовы збор у памеры да 10 тысяч грыўняў.

Беларусы ўсё менш пераводзяць грошай за мяжу і з-за мяжы

Сёлета ў студзені – сакавіку беларусы перавялі з-за мяжы ў Беларусь 42 мільёны даляраў. Гэта на 30 мільёнаў даляраў менш, чым за аналагічны леташні перыяд. Са звестак Нацыянальнага банка вынікае, што за мінулы год максімум пераводаў зафіксавалі ў другім квартале – больш за 115 мільёнаў даляраў, пасля чаго пераводы ўвесь час зніжаліся. Сярэдняя сума пераводу ў Беларусь у студзені – сакавіку склала 271,5 даляраў.

Зніжаліся і пераводы беларусаў за мяжу. У першым квартале за мяжу перавялі амаль 33 мільёны даляраў у эквіваленце, і гэта амаль на восем мільёнаў менш у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Сярэдняя сума аднаго грашовага пераводу з Беларусі ў студзені – сакавіку гэтага года склала 211 даляраў.

Улады ЗША працягнулі санкцыі супраць “Белавія”

Міністэрства гандлю ЗША прадоўжыла на 180 дзён экспартныя абмежаванні ў дачыненні да авіякампаніі “Белавія”. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні ведамства, размешчаным 12 чэрвеня ў зборніку афіцыйных дакументаў амерыканскага ўрада.

Амерыканскія санкцыі супраць “Белавія” былі ўведзеныя ў чэрвені 2022-га — за выкарыстанне самалётаў “Боінг” у парушэнне абмежаванняў, уведзеных пасля ўварвання Расіі ва Украіну. Кампаніям усяго свету было забаронена абслугоўваць, рамантаваць ці іншым чынам выкарыстоўваць амерыканскія дэталі для абслугоўвання самалётаў “Белавія”. Абмежаванні ўводзіліся на 180 дзён і былі працягнутыя ў снежні мінулага года.

Банк Revolut зрабіў больш строгімі патрабаванні да беларусаў і расіян

Банк Revolut, зарэгістраваны ў Літве, пачаў абмяжоўваць аперацыі па рахунках і картах беларусаў і расіян, калі тыя своечасова не пацвердзілі сваё права на пражыванне ў Еўрасаюзе, піша “Медуза” са спасылкаю на Forbes.

Чацвёра суразмоўцаў выдання Forbes, якія жывуць у Францыі і Латвіі, пацвердзілі, што сутыкнуліся з абмежаваннямі. Прадстаўнік Revolut Пэдзі Кроўлі паведаміў выданню, што банк зрабіў больш строгімі фармальныя патрабаванні да грамадзян Беларусі і Расіі праз абмежаванні, уведзеныя Еўрасаюзам у дачыненні да выхадцаў з гэтых краін. Паводле яго слоў, кліенты з Беларусі і РФ павінны паказаць працягнуты дазвол на жыхарства або працоўную візу, якія дазваляюць ім заставацца ў ЕС больш за 180 дзён.

Як адзначае Forbes, пры гэтым банк Revolut — гэта адзін з нямногіх банкаў, гатовых адкрыць рахунак у еўра па пашпарце Беларусі ці Расіі і доўгатэрміновай візе тыпу D тэрмінам ад 180 дзён.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: (c) shutterstock.