Чаму ў Беларусі банкрутуюць банкі?
“Банкруцтва банкаў у Беларусі – гэты хутчэй выключэнне, чым правіла”, – лічыць экс-старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч.
Днямі ў Вярхоўны суд Беларусі паступіла заява аб банкруцтве ЗАТ «Дэльта Банк».
З 12 сакавіка ў ЗАТ «Дэльта Банк» рашэннем праўлення Нацыянальнага банка была ўведзена часовая адміністрацыя па кіраванні банкам. З 18 сакавіка Нацыянальны банк адклікаў ліцэнзію ЗАТ «Дэльта Банка» на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці.
Станіслаў Багданкевіч: Уласнік “Дэльта Банка” абанкруціўся ва Украіне, гэта ўсё і прывяло да банкруцтва беларускага банка. Не было чым дадаваць капітал. Акрамя таго, уласнік, відаць, праводзіў нейкія рызыкоўныя аперацыі.
РР: Наколькі ў такіх крызісных сітуацыях абаронены беларускія ўкладчыкі?
Станіслаў Багданкевіч: Дзяржава гарантуе такую абарону, ёсць патэнтная гарантыя. Да таго ж, гэта невялікі банк з невялікай колькасцю ўкладчыкаў, таму праблем, каб разлічыць людзей, думаю, не будзе. Укладчыкам вернуць намінальны кошт па дэпазітах. Іншая справа, што ва ўмовах інфляцыі і дэвальвацыі губляецца пэўная частка грошай. Але па наміналу павінны ўсё аддаць.
РР: Банкруцтва банкаў у Беларусі – гэты хутчэй выключэнне, чым правіла?
Станіслаў Багданкевіч: Так, бо ў нас даволі жорсткае заканадаўства ў гэтай сферы і такі ж нагляд з боку Нацбанка. Хоць банкруцтва “Дэльта Банка” – не першы выпадак. Такое ўжо здаралася.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя