Чаму ў Беларусі беспрацоўе расце, а ва Украіне зніжаецца?



Старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук распавёў пра тэндэнцыі беспрацоўя ў “стабільнай Беларусі”.

Аляксандр Ярашук

Тэмпы росту афіцыйнага беспрацоўя ў Беларусі за апошні год апынуліся самымі высокімі ў СНД, а дапамога па беспрацоўі — самай нізкай.

Пра гэта сведчаць звесткі Статкамітэта СНД, якія прыведзеныя ў дакладзе аб сацыяльна-эканамічным становішчы краін Садружнасці за першы квартал 2016 года.

Звесткі па большасці краін прыводзяцца на 1 красавіка 2016 года.

Як вынікае з дакладу, паведамляе БелаПАН, за апошнія 12 месяцаў у Беларусі колькасць беспрацоўных павялічылася на 37,1%, у Казахстане — на 23%, у Малдове — на 22,8%, у Арменіі — на 11,5%, у Азербайджане — на 11%, у Расеі — на 6%.

Зніжэнне колькасці беспрацоўных адбылося ва Украіне (на 7,7%), Кыргызстане (на 2,1%) і ў Таджыкістане (на 0,6%).

Аляксандр Ярашук: Тое, што ў Беларусі расце беспрацоўе, нічога незвычайнага няма. Краіна знаходзіцца ў вострым сацыяльна-эканамічным крызісе. І трэба адзначыць, што афіцыйны рост беспрацоўя зусім не адпавядае рэальным лічбам. У сапраўднасці – гэта значны рост. Размова ідзе пра тое, што пацярпела банкруцтва сама эканамічная мадэль, і краіна апынулася ў сістэмным крызісе. Патрабуецца рэальная мадэрнізацыя ўсіх сфераў жыцця, уключаючы не толькі эканоміку, але і палітыку.

РР: Але дзіўна, што ва Украіне, якая была ўцягнута ў вайну і таксама мае эканамічны крызіс, беспрацоўе наадварот зніжаецца. Як так атрымліваецца?

Аляксандр Ярашук: Украіна свае найбольш горшыя часы (што датычыцца рэфармавання эканомікі і эканамічнай лібералізацыі) пражыла. І нядаўні ваенны канфлікт – гэта, безумоўна, выклік для краіны, але ён істотна не ўплывае на агульную сітуацыю. Калі не браць Данбас і Луганшчыну, то ўся астатняя краіна функцыянуе ўсё-такі ў рэжыме рынкавай эканомікі. А ў Беларусі – каманда-адміністратыўная сістэма кіравання, якая пацярпела банкруцтва, што ўпарта не хоча прызнаваць улада. І мы бачым, як гэта адбіваецца на стане занятасці насельніцтва. Мы, дарэчы, кантактуем з украінскімі калегамі, тыя таксама скардзяцца на сітуацыю і часам кажуць, што іх “алігархі заядаюць”. Але гэта зусім іншая праблема і іншы выклік. Галоўнае – у людзей ёсць шанец для эканомікі. У нас такога шанца няма з той эканамічнай палітыкай, якая праводзіцца зараз. Таму надалей ёсць толькі тэндэнцыя нарастання беспрацоўя і падзення заробкаў. Гэта, як ні сумна, усур’ёз і надоўга. Таму што ўлады нічога не хочуць змяняць прынцыпова.

РР: Але ж высокія чыноўнікі абяцалі толькі ў гэтым годзе стварэнне ў краіны 50 тысяч новых працоўных месцаў…

Аляксандр Ярашук: Гэта, на мой погляд, агульныя  разважанні. З такім жа поспехам можна было агучыць і 100 тысяч новых працоўных месцаў. Задача чыноўнікам пастаўлена – яны яе агучылі. Але, каб былі новыя працоўныя месцы, неабходна праводзіць эканамічную лібералізацыю, ствараць умовы для малога і сярэдняга бізнеса. А гэтае пакуль не робіцца. Акрамя заяў, рэальных спраў не бачна.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя