Чаму ў Беларусі не спрашчаюць падаткаабкладанне?
Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў распавядае пра адметнасці беларускага падаткаабкладання.
ўдытарская кампанія PricewaterhouseCoopers надрукавала вынікі даследавання сістэмы падаткаабкладання ў 190 краінах, праведзенага групай Сусветнага банка і PwС. Беларусь, па выніках даследвання, знаходзіцца на 96-м месцы.
Віктар Маргелаў: У апошні час сітуацыя з падаткаабкладаннем нават пагоршылася. Рэальная падаткавая нагрузка сур’ёзна ўзрасла, і ў першую чаргу гэта звязана з тым, што ўвялі электронную рахунак-фактуру на дададзеную вартасць. У выніку ў суб’ектаў гаспадарання з’явіўся асобны бухгалтарскі і падатковы ўлік, што дадало шэраг праблем. І сітуацыя, відаць, будзе пагаршацца.
РР: Але ж у апошні час чыноўнікі кажуць аб спрашчэнні працы для бізнесу. Вы падавалі свае прапановы па пытаннях падаткаабкладання?
Віктар Маргелаў: Падавалі такія прапановы ў межах дзейнасці Савета па развіцці прадпрымальніцтва, але практычна ўсе яны (за выключэннем адной) на ўзроўні Міністэрства фінансаў і Міністэрства па падатках і зборах не былі прыняты. Зараз мы напісалі ў Савет міністраў разгорнуты ліст, у якім падымаем, у тым ліку, і пытанні зменаў у Падаткавым кодэксе, і будзем чакаць сустрэчы з першым віцэ-прэм’ерам. Падаткавы кодэкс у свой час належным чынам не абмярокоўваўся, таму пытанне трэба падымаць.
РР: Чаму ўлады не хочуць спрасціць падаткаабкладанне? Мы ж на горшых пазіцыях, чым усе нашы бліжэйшыя суседзі…
Віктар Маргелаў: Пытанне нават не ў спрашчэнні, а ў наданні падаткаабкладанню справядлівага выгляду. Ён заключаецца ў тым, што падаткі трэба плаціць з заробленага прыбытку. Гэта ж простая рэч – нельга браць з людзей падатак, калі ў іх няма прыбытку. Таму падаткавае заканадаўства трэба рэфармаваць. Але, паўтаруся, любыя нашы прапановы ў гэтым накірунку ўпіраюцца ў адзін адказ чыноўнікаў – бюджэт павінен быць напоўнены любой цаной. І любыя размовы па спрашчэнні падаткаабкладання не прымаюцца. Вось асноўны аргумент уладаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя