Чаму ў крамах мала беларускай ранняй бульбы?
Прафсаюзы паскардзіліся на адсутнасць беларускай ранняй бульбы ў крамах. ФПБ падвяла вынікі чарговага маніторынгу цэн на прадукты харчавання ў крамах. Праўда, гэтым разам прафсаюзныя актывісты вырашылі пракантраляваць і наяўнасць ранняй беларускай гародніны ў крамах.
“Вынікі маніторынгу паказалі, што далёка не ва ўсіх крамах у прынцыпе ёсць ранняя гародніна. Пры гэтым беларуская ранняя бульба была толькі ў 28 крамах, капуста – у 109 са 192 правераных”, – паскардзіліся ў Федэрацыі.
У ФПБ таксама параўналі цэны на прадукты. Аказалася, што самая дарагая беларуская бульба каштавала 2,86 рубля/кг, а імпартная – 3,99 рубля/кг, самая дарагая беларуская капуста каштавала 3,04 рубля/кг, а імпартная – 5,99 рубля/кг. (reform.by)
Шматдзетныя цяпер змогуць працаваць на гадзіну менш
Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон аб днях для дыспансерызацыі і скарочанай працы для шматдзетных. У ліку новаўвядзенняў — права аднаму з бацькоў траіх і больш дзяцей або дзіцяці-інваліда замест дадатковага выхаднога дня ў тыдзень выбраць скарачэнне штодзённай працы на адну гадзіну, піша Onliner.by. Чакаецца, што гэтая норма будзе падтрымліваць сем’і з дзецьмі і стымуляваць нараджальнасць.
Таксама дакументам прадугледжваецца вызваленне работнікаў ад працы для дыспансерызацыі з захаваннем сярэдняга заробку. Работнікаў ва ўзросце да 40 гадоў – на адзін дзень раз у тры гады, старэйшыя за 40 гадоў – на адзін дзень штогод, а жанчын старэйшых за 53 гады і мужчын старэйшых за 58 гадоў – на два дні штогод.
Праезд чыгуначным транспартам стане даражэйшым
У Беларусі падвышаюцца тарыфы на праезд цягнікамі і правоз багажу. Адпаведная пастанова Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале, яна ўступіць у дзеянне з 5 ліпеня.
Згодна з пастановай, кошт чыгуначных перавозак вырасце на гарадскіх лініях, рэгіянальных лініях эканомкласа і бізнес-класа, павялічацца тарыфы на перавозку багажу і грузабагажу на рэгіянальных і міжрэгіянальных лініях . Тарыфы па ўсіх названых відах паслуг павялічацца прыкладна на 20%. Апошняе павышэнне адбылося ў красавіку мінулага года таксама на 20%.
Але, на час дачнага сезона, з 1 траўня па 31 кастрычніка, пенсіянеры ў Беларусі могуць ездзіць на прыгарадных цягніках рэгіянальных ліній эканомкласа са скідкай 50 працэнтаў.
Сярэдні памер пенсіі ў Беларусі назвалі ў Мінпрацы
Па выніках пяці месяцаў бягучага года сярэдні памер пенсіі непрацуючага пенсіянера склаў 676 руб. 93 кап. Пра гэта расказала кіраўнік Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Юлія Берднікава. У бягучым годзе ў планах таксама яшчэ павысіць пенсіі, звярнула ўвагу чыноўніца.
“Сумесна з Міністэрствам фінансаў выбудоўваем і пралічваем каляндарны план павышэння пенсій. У бягучым годзе адназначна будзем павышаць пенсійныя выплаты», – распавяла яна. Сёлета працоўныя пенсіі паднялі пакуль адзін раз – з 1 траўня.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фото: fermerss.ru.