Чаму ўкраінцы купляюць беларускія прадукты?
Беларусь асацыюецца ва Украіне не толькі з турыстамі, якія па выходных прыязджаюць закупляцца на тутэйшыя рынкі, але і з беларускімі прадуктамі.
У некаторых украінскіх гастраномах ёсць аддзелы, якія гандлююць нашымі каўбасамі, сасікамі і вяндлінай, некаторыя крамы цалкам спецыялізуюцца на продажы прадукцыі беларускіх аграрыяў. Прынята лічыць, што ў нашай краіне дагэтуль прытрымліваюцца савецкіх яшчэ ДАСТаў, і таму, маўляў, беларускія харчы якаснейшыя за ўкраінскія.
Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война распытваў украінцаў.
РР: Чаму ва Украіне так папулярныя беларускія прадукты?
Аляксандр, праграміст: Прадукт якасны, лепшы за наш. Але цяпер сітуацыя змянілася значна, і кошты прыблізна такія ж, як і ў нас. Але ж так: якасць, ДАСТы. Мяса ў вас выдатнае, малочная прадукцыя…
Лідзія Аляксандраўна, былая кіроўца тралейбуса: Дык у Беларусі “бацька” Лукашэнка! Ён дбае пра свой народ і ніколі не дазволіць труціць яго рознай заморскай хіміяй. Таму тут беларускія прадукты і папулярныя. Я б і сама іх купляла, толькі пенсія ў мяне маленькая.
Кацярына, студэнтка: Людзі лічаць, што беларуская каўбаса вырабляецца паводле старых савецкіх стандартаў. Туды не дадаецца крахмал, розныя фарбы, хімія. Малочныя прадукты таксама якасныя і экалагічныя. Лепш крыху пераплаціць і купіць беларускае, чым купляць нейкую хімію!
РР: Вы гандлюеце штучным дзіцячым харчаваннем “Беллакт”. Чаму ён такі папулярны?
Ліда, прадавачка на чарнігаўскім “Хітрынку”: На сённяшні дзень альтэрнатывы беларускаму дзіцячаму харчаванню няма. Украінскае харчаванне таннейшае, але дае алергію. Нямецкае харчаванне даражэйшае, але не ўсім падыходзіць. А “Беллакт” – самае тое.
РР: Вы купляеце на рынку беларускія прадукты?
Галіна Сяргееўна, пенсіянерка: Не! Я бяру толькі нашы!
“Не пад мікрафон” пенсіянерка патлумачыла, што беларусія прадукты ёй падабаюцца, але занадта дорага каштуюць, бракуе пенсіі.
А вось што сказала былая дырэктарка прадуктовай крамы Вольга Міхайлаўна: Мне не падабаюцца ані беларускія каўбасы, ані ўкраінскія. Мяса ў іх – вобмаль, усё астатняе – харчовыя дадаткі, прытым гэта і ў беларускіх каўбасах, і ва ўкраінскіх. Тое ж самае і смятана – яна парашковая і ў нас, і ў Беларусі. Проста ў нас прынята думаць, што калі стаіць ДАСТ – гэта ўсё правільна і добра. Паводле савецкага ДАСТ 1980 года ў сасісках было каля 5 % мяса. Хіба савецкія каўбасы і сасіскі сапраўды былі смачнымі? І ва Ўкраіне, і ў Беларусі мясныя прадукты не надта якасныя. Не думаю, што каўбасы і сасіскі беларускія адпавядаюць нормам, прынятым у Еўразвязе. Як, зрэшты, і ўкраінскія.
І сапраўды, краіны Еўразвязу пакуль не спяшаюцца масава экспартаваць беларускія прадукты. Галоўная прычына – неадпаведнасць беларускіх санітарных нормаў стандартам ЕЗ. Пакуль прадукцыя беларускіх аграрыяў карыстаецца попытам толькі ў постсавецкіх краінах.
Марцін Война, Беларуская Радыё Рацыя
Фота flackelf.livejournal.com